Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
20 верасня 2019, 10:19

Лукашэнка запатрабаваў аптымізаваць колькасць ільнозаводаў у Віцебскай вобласці

20 верасня, Карэліцкі раён /Кацярына Крышэнік - БЕЛТА/. Колькасць ільнозаводаў у Віцебскай вобласці неабходна аптымізаваць у адпаведнасці з пасяўнымі плошчамі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў пры наведванні ААТ "Карэлічы-Лён", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўніку дзяржавы было даложана аб структуры льнаводчай галіны ў Гродзенскай вобласці, дзе лён высяваюць на 7 тыс. га, а перапрацоўваюць два мадэрнізаваныя льнозаводы. У сувязі з гэтым Прэзідэнт пацікавіўся сітуацыяй у іншых рэгіёнах, у прыватнасці ў Віцебскай вобласці. "Навошта восем заводаў на 13 тыс. га?" - задаў пытанне Аляксандр Лукашэнка і даручыў разабрацца, пры неабходнасці скараціць іх колькасць.

Прэзідэнт адзначыў, што лічыць арганізацыю льнаводства ў Гродзенскай вобласці узорнай, і паставіў яе ў прыклад іншым рэгіёнам. Ураджай з 7 тыс. га плошчы лёну перапрацоўваюць два заводы. "Яны цяпер поўнасцю мадэрнізаваныя, паспяваюць поўнасцю перапрацаваць практычна ўсю трасту, якую атрымліваюць, - сказаў ён. - Гэта значыць яму (губернатару Гродзенскай вобласці. - Заўвага БЕЛТА) не патрэбна цяпер ніякая мадэрнізацыя па лёне, ніякая навука, каб пасеяць-убраць і гэтак далей. Ідэальная сістэма".

Аднак такая абстаноўка не ва ўсіх рэгіёнах, размова ішла ў прыватнасці пра Віцебскую вобласць, дзе ўраджай з 13 тыс. га плошчы лёну перапрацоўваць восем заводаў.

Прэзідэнт запатрабаваў, каб міністр сельскай гаспадаркі і харчавання, члены ўрада разабраліся ў сітуацыі, тым больш што размова пра аптымізацыю льняной галіны і мадэрнізацыю прадпрыемстваў ужо вядзецца не першы год. "Гэта нікуды не варта, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я ведаю, што такое лён. Таму вы разбярыцеся, каб дакладна разумелі".

"Думаю, чатыры заводы дастаткова. Калі маленькія ёсць, якія нармальна працуюць, няхай працуюць. Не трэба іх кранаць. Можа, і восем патрэбна", - заўважыў кіраўнік дзяржавы і яшчэ раз запатрабаваў прадметна і глыбока прааналізаваць эфектыўнасць работы льнозаводаў у Віцебскай вобласці.

Першаснай перапрацоўкай лёну ў Беларусі займаюцца на 22 ільнозаводах і 2 вытворчых участках, дзе ўстаноўлены 46 тэхналагічных ліній, з іх 9 высокапрадукцыйных. Таксама на льнозаводах наладжана паглыбленая перапрацоўка лёну, у прыватнасці вытворчасць нятканых матэрыялаў, кручаных вырабаў, кастрабрыкетаў, ільнянога алею.

У мінулым годзе па краіне быў недабор ураджаю лёну з-за неспрыяльных умоў надвор'я. У гэтым годзе ў гаспадарках праведзена работа па падборы земляў з аграхімічнымі паказчыкамі, спрыяльнымі для вырошчвання лёну. Цяпер завершана масавае церабленне лёну. Ураджайнасць ільнотрасты ў гэтым годзе перавышае 32 ц/га (у 2018-м - 26,8 ц/га), сярэдні нумар ільнотрасты 1,01.

Пасля перапрацоўкі прадпрыемствы павінны паставіць 18,1 тыс. т ільновалакна ў лік дзяржзаказу, таксама 7,3 тыс. т доўгага і 10,8 тыс. т кароткага льновалакна. Аднак ёсць праблемы па выкананні дзяржзаказу ў частцы паставак доўгага льновалакна. Адным са значных фактараў, што ўплываюць на эканоміку льнаводчай галіны, з'яўляюцца цэны на яе прадукцыю. Цэны на льновалакно для дзяржпатрэб адстаюць ад сярэдніх рыначных, што ўплывае на рэнтабельнасць ільноперапрацоўчых прадпрыемстваў. У цэлым іх фінансава-эканамічныя паказчыкі ў першым паўгоддзі 2019-га палепшыліся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. З 22 ільнозаводаў з'яўляюцца прыбытковымі па канчатковым выніку 20. За студзень-ліпень атрымана Br8,1 млн прыбытку. Рэнтабельнасць за гэты перыяд дасягнула 17,7 працэнта, павялічыўшыся на 20,1 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года (у студзені-ліпені 2018-га яна была мінус 2,4 працэнта).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі