Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
05 кастрычніка 2016, 15:35

Лукашэнка заклікаў бізнесменаў Пакістана больш шырока выкарыстоўваць прамысловыя магчымасці Беларусі

5 кастрычніка, Ісламабад /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час адкрыцця IV Беларуска-пакістанскага дзелавога і інвестыцыйнага форуму заклікаў бізнесменаў Пакістана больш шырока выкарыстоўваць прамысловыя магчымасці Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Заклікаю пакістанскіх бізнесменаў больш шырока выкарыстоўваць нашы прамысловыя магчымасці ў рэалізацыі разнастайных інфраструктурных праектаў у вашай краіне. Гатовы да супрацоўніцтва з вамі такія буйныя беларускія прадпрыемствы, як Мінскі трактарны завод, Беларускі і Мінскі аўтамабільныя заводы, "Амкадор", "Бабруйскаграмаш", "Гомсельмаш", "Лідсельмаш", якія добра зарэкамендавалі сябе на сусветных рынках", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт упэўнены, што трэба зрабіць канкрэтныя крокі па стварэнні сумесных прадпрыемстваў у галіне перапрацоўкі мяса і малака, вытворчасці дзіцячага харчавання, кансервацыі прадуктаў. "Нам трэба абавязкова вызначыць 3-4 важныя для Беларусі і Пакістана праекты і неадкладна пачаць іх рэалізацыю. Заўсёды нешта пачынаецца з малога. На гэтых прыкладах усе бізнесмены як у Беларусі, так і ў Пакістане ўбачаць, як трэба працаваць. Тыя, хто пойдуць на гэтыя першыя праекты, будуць першаадкрывальнікамі, першапраходцамі. І праз іх Пакістан і Беларусь больш цесна азнаёмяцца з магчымасцямі ў той і другой краіне", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, адной з асноў эканамічнай формулы двухбаковых адносін разам з прамысловай кааперацыяй можа стаць сельская гаспадарка. У бліжэйшай перспектыве могуць быць сур'ёзныя зрухі па актывізацыі супрацоўніцтва паміж банкамі, у сферах лёгкай прамысловасці, лясной гаспадаркі, мытнай справы, у галіне стандартызацыі і сертыфікацыі. Абмяркоўваецца пытанне аб адкрыцці паміж Беларуссю і Пакістанам прамых паветраных зносін. "Гэты праект цалкам залежыць ад вас, калі вы пачняце перамяшчацца з Пакістана ў Беларусь і наадварот, не адзін маршрут будзе адкрыты паміж нашымі краінамі", - заўважыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы прапанаваў бізнесменам больш актыўна выкарыстоўваць патэнцыял тых міждзяржаўных механізмаў, якія былі створаны для іх, перш за ўсё міжурадавую камісію па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве і рабочыя групы па прамысловай і сельскагаспадарчай кааперацыі. "Калі трэба, мы будзем ствараць такія рабочыя групы і па іншых напрамках нашага супрацоўніцтва. Мы таксама дамовіліся аб рэгулярнасці нашых сустрэч. Як бачыце, практычна штогод мы робім візіты ў нашы дзяржавы, каб кантраляваць прынятыя рашэнні, - акцэнтаваў увагу Прэзідэнт. - Вельмі важна, каб адносіны паміж нашымі краінамі мелі даверны характар, напаўняліся рэальным эканамічным зместам. І яшчэ раз хачу адзначыць, што беларускі бок адкрыты для інтэнсіўнай і карпатлівай работы з пакістанскім бізнесам па ўсіх узаемавыгадных напрамках".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі