Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
22 красавіка 2019, 09:18

Лукашэнка заклікаў асобных расійскіх палітыкаў не пакутаваць наконт яго заяў аб суверэнітэце

22 красавіка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікаў асобных расійскіх палітыкаў не пакутаваць наконт яго заяў аб суверэнітэце. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 20 красавіка, адказваючы на пытанні журналістаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэзідэнту было зададзена пытанне наконт нервовай рэакцыі некаторых палітыкаў, у тым ліку ў Расіі, наконт фразы, сказанай напярэдадні ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што той, хто асмеліцца знішчыць Беларусь, прэзідэнт гэта ці ўрад, будуць пракляты беларускім народам, а хто асмеліцца зрабіць гэта сілай - атрымае магутнейшы адпор.

"Там унутраны фактар і знешні (у гэтым выказванні. - Заўвага БЕЛТА). Гэта тэма актуальная. І калі я звярнуўся да яе, я проста вырашыў такім чынам сваімі думкамі (падзяліцца. - Заўвага БЕЛТА), якімі мучуся, пакутую і балею. Можа, нават узмацніць, зрабіць акцэнт на гэтым", - дадаў ён. Паводле яго слоў, унутраны аспект быў звязаны з тым, што часам выказваюцца меркаванні, нібыта Лукашэнка, яшчэ нехта хочуць Беларусь уключыць у склад нейкай дзяржавы. "Калі Лукашэнка гэта зробіць, ён будзе пракляты народам. Гэта датычылася ўнутранага боку пытання, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Што датычыцца знешняга, гісторыя ведае, колькі было выпадкаў, калі сілай тую ці іншую дзяржаву ўключалі ў склад іншай дзяржавы. Таму гэта быў і знешні акцэнт, калі нехта асмеліцца - атрымае адпор".

"Дарэмна пакутуюць некаторыя палітыкі, асабліва ў Расіі. Я атрымаў усю гэту інфармацыю: ах, гэта супраць Расіі. Фразы гэтыя былі накіраваны супраць тых, хто паспрабуе гэта зрабіць. Гэта па-першае. Па-другое, наколькі я разумею, шчыра кажу, Расія - гэта, можна сказаць, апора і нашага суверэнітэту. Не дай бог нешта здарыцца, я да гэтага часу лічу, што мы з Расіяй будзем у акопах разам. Таму не трэба пакутаваць некаторым у Расіі палітыкам і браць на сябе вось гэтыя фразы, нібыта яны адрасаваны Расіі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым дадаў, што ён не сустракаў ні геаграфічных, ні адміністрацыйных, ні палітычных карт свету або Еўропы, дзе граніца Расійскай Федэрацыі праходзіла б пад Мінскам ці далей. "Гэтага мы нідзе не бачылі і не сустракалі. Далей не хачу прадаўжаць. Іншыя карты ёсць. Таму тым трэба думаць і ў свой адрас успрымаць сказанае", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Кіраўніка дзяржавы таксама папрасілі пракаменціраваць даволі нервовую рэакцыю пасла Расіі ў Беларусі Міхаіла Бабіча на тэму БелАЭС пасля праведзенага Паслання. "Я не буду каменціраваць гэты момант. Няправільна будзе, калі я буду каменціраваць, хоць маю сваё меркаванне. Пасол Расіі - гэта прадстаўнік Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі - майго добрага сябра (ён яго рэкамендаваў сюды). І гэта прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Расіі. Яны разбяруцца там з гэтым паслом. Я абсалютна ўпэўнены. Гэта старажытная, з добрымі традыцыямі краіна, якая цудоўна разумее, як павінен сябе паводзіць той ці іншы пасол як у Расіі, так і за яе межамі. Тут нават каменціраваць няма чаго. Гэта расійскі пасол, і Расія з ім разбярэцца сама", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі