Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
13 чэрвеня 2018, 12:48

Лукашэнка: за год у адносінах з Узбекістанам зроблена больш, чым за 20 папярэдніх гадоў

13 чэрвеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначае высокую дынаміку ў развіцці адносін з Узбекістанам. Аб гэтым ён заявіў сёння на сустрэчы са старшынёй Сената Олій Мажліса Узбекістана Нігмацілой Юлдашавым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"За апошні год, можа, крыху больш, калі браць новую эпоху, як я часта свайму сябру Шаўкату (Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў. - Заўвага БЕЛТА) гавару, мы ў беларуска-ўзбекскіх адносінах зрабілі значна больш, чым за 20 папярэдніх гадоў. Маёй заслугі тут мінімум. Заслуга вашага Прэзідэнта. Разумны, я скажу таленавіты чалавек, які, калі быў прэм'ер-міністрам, убачыў увесь свет, спакойна ацаніў сітуацыю не толькі на восі Мінск-Ташкент, але і па ўсіх напрамках, і зрабіў добры рывок, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Я яму аб гэтым сказаў на саміце ШАС. Тое, што вы зрабілі ў міжнародных адносінах за апошні час, апусціўшы іх на базу эканомікі, мне здаецца, ніводнай з дзяржаў у свеце, тым больш постсавецкай прасторы, не ўдалося зрабіць. Вы проста малайцы за гэтыя гады. Вы адкрыліся свету і ў час гэтага адкрыцця атрымалі максімум, што маглі атрымаць".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што галоўныя дасягненні Узбекістана - у эканоміцы. "Дыпламатыя, палітыка - гэта добра. Пагаварыць можна заўсёды. А вось адчуць, памацаць вынік - гэта больш важна. І вы гэта зрабілі. Гэта найвялікшая заслуга кіраўніцтва вашай краіны. Сведчаннем прарыву Узбекістана на міжнароднай арэне, у міжнародных адносінах служаць адносіны паміж Беларуссю і Узбекістанам", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы даў пазітыўную ацэнку развіццю двухбаковых адносін і рэалізацыі намечанага. Лідары краін раней дамовіліся, што, перш чым адбудзецца іх сустрэча ў рамках афіцыйнага візіту, бакі павінны стварыць пэўны задзел у супрацоўніцтве. "Каб мы маглі ўзбекскаму і беларускаму народам пакласці нешта на стол", - вобразна сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што праблем, вядома, хапае ў любой дзяржаве, аднак ён упэўнены, што вострыя праблемы Узбекістан зможа пераадолець на працягу пяцігоддзя, улічваючы наяўнасць людскіх рэсурсаў, прыродна-кліматычныя ўмовы, высокія тэмпы мадэрнізацыі эканомікі і грамадства.

"Але вы павінны помніць, што мы не проста пабочныя наглядальнікі гэтых працэсаў, не проста балельшчыкі. Мы, вядома, радуемся вашым поспехам. Мы актыўныя прыхільнікі і, калі хочаце, рухавікі таго прагрэсу, які вы ажыццяўляеце ва Узбекістане. Вы на нас можаце разлічваць", - запэўніў беларускі лідар.

У сваю чаргу Нігмаціла Юлдашаў падкрэсліў, што ва Узбекістане з вялікай павагай ставяцца да Прэзідэнта Беларусі і радуюцца поспехам краіны, яе ўсё большаму міжнароднаму аўтарытэту. "Мы ведаем і высока цэнім, што вы заўсёды надавалі і надаяце вялікае значэнне развіццю супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі і народамі. Таксама ў памяці нашага народа навечна застанецца тое, што вы ў самотныя для ўзбекістанцаў дні спецыяльна наведалі Узбекістан, каб ушанаваць памяць нашага першага Прэзідэнта Іслама Карымава", - сказаў ён.

Дагаворна-прававая база адносін паміж Беларуссю і Узбекістанам уключае амаль шэсць дзясяткаў пагадненняў. Бакі канструктыўна супрацоўнічаюць у ААН, АБСЕ, іншых міжнародных арганізацыях, актывізавалася двухбаковае супрацоўніцтва.

У 2017 годзе тавараабарот дасягнуў $130,9 млн (205,4 працэнта да ўзроўню 2016 года), экспарт - $96,1 млн (268,2 працэнта), імпарт - $34,8 млн (124,7 працэнта). Аналагічная тэндэнцыя назіраецца ў двухбаковым гандлі і ў 2018 годзе - за студзень-красавік тавараабарот склаў $62,1 млн, павялічыўшыся ў 2,3 раза ў параўнанні з адпаведным перыядам 2017 года. Аб'ём гандлю паслугамі ў 2017 годзе склаў $9,2 млн.

З Беларусі ў 2018 годзе пастаўляліся трактары і седлавыя цягачы, часткі і прылады для аўтамабіляў і трактароў, цукар, шасі з рухавікамі, пліты ДСП, лесаматэрыялы, аўтамабілі спецпрызначэння, сельгасмашыны для падрыхтоўкі і апрацоўкі глебы, дарожная і будаўнічая тэхніка. З Узбекістана імпартаваліся баваўняная пража, сушаныя фрукты, сумесі арэхаў і сушаных пладоў, свежы і сушаны вінаград, легкавыя аўтамабілі, фруктовыя і агароднінныя сокі.

Ва Узбекістане зарэгістраваны 23 арганізацыі з беларускімі заснавальнікамі. У 2017 годзе на тэрыторыі краіны створаны зборачныя вытворчасці беларускай тэхнікі - СВ ТАА "Амкадор-Агратэхмаш" і "УзБелАграмаш" (сузаснавальнік - "Бабруйскаграмаш"). У Беларусі працуюць 62 арганізацыі, заснавальнікамі якіх з'яўляюцца ўзбекскія юрыдычныя і фізічныя асобы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі