Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
21 лістапада 2018, 11:16

Лукашэнка вітае развіццё супрацоўніцтва з ЕІБ у Беларусі

21 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка вітае развіццё супрацоўніцтва з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам і рэалізацыю праектаў у розных сферах. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы з віцэ-прэзідэнтам Еўрапейскага інвестыцыйнага банка Аляксандрам Стубам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Наша сустрэча з вамі фактычна азначае новы этап у развіцці адносін з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам. Гэта гістарычны момант. Мы пераадолелі нямала бар'ераў, нямала было неразумення з двух бакоў, асабліва з заходняга боку. Сёння і Еўропа, і ўвесь заходні свет пераканаліся ў тым, што з Беларуссю можна мець справу, што Беларусь - гэта надзейны партнёр, асабліва ў сферы гандлёва-эканамічных, фінансавых адносін", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што падпісанне пагадненняў з ЕІБ аб інвесціраванні праектаў, накіраваных на развіццё Беларусі, пацвярджае тое, што недастатковае разуменне паміж бакамі пераадолена.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што цяпер Беларусь вядзе работу з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам па крэдытах прыкладна на паўмільярда еўра. Ён падкрэсліў, што гэта значная сума і ўмовы выдачы крэдытаў прымальныя для краіны. "Мы дасканала адбіраем праекты для інвесціравання. Тое, што вы дапамагаеце праектам, звязаным з нашымі людзьмі, - жыллём, водаадвядзеннем, забеспячэннем вадой, інфраструктурай і дарогамі - вельмі важна для нас, і мы будзем надзейнымі партнёрамі ў гэтым плане", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да Аляксандра Стубы з просьбай аб садзейнічанні ў развіцці супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Фінляндыяй, паколькі цяперашні віцэ-прэзідэнт ЕІБ займаў розныя высокія пасады ў гэтай краіне. "Я вас вельмі папрасіў бы дапамагчы ўстанавіць цесныя адносіны з Фінляндыяй. Гэта прыкладна такая ж, як Беларусь, краіна па тэрыторыі. Гэта краіна, якая мае высокія тэхналогіі", - адзначыў Прэзідэнт. Ён таксама падкрэсліў падабенства эканомік дзвюх краін і важнасць развіцця супрацоўніцтва на тэхналагічным узроўні.

Напярэдадні ЕІБ падпісаў з Беларуссю першыя пагадненні на 160 млн еўра. Гэтыя дакументы сталі практычнай рэалізацыяй рамачнага пагаднення Беларусі з банкам, заключанага ў 2017 годзе.

Дагавор аб фінансаванні паміж Беларуссю і ЕІБ прадугледжвае накіраванне сродкаў на рэканструкцыю Мінскай ачышчальнай станцыі. Суфінансаваць праект будзе Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця. Яшчэ два крэдытныя пагадненні заключаны з Беларусбанкам і Белаграпрамбанкам, якія накіруюць гэтыя сродкі на падтрымку малога і сярэдняга бізнесу.

Для Беларусі ўяўляецца перспектыўным супрацоўніцтва з банкам таксама па такіх напрамках, як рэалізацыя інфраструктурных праектаў у сферы рэканструкцыі дарог, павышэнне эфектыўнасці энергакарыстання, правядзенне навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх работ, экалагізацыя вытворчасцей, лічбавая трансфармацыя. Усяго інвестыцыі ЕІБ у Беларусь у 2018-2019 гадах могуць скласці амаль 420 млн еўра.

У час пашырэння дзейнасці ЕІБ у Беларусі разглядаецца варыянт адкрыцця офіса ЕІБ у краіне.

Еўрапейскі інвестыцыйны банк - дзяржаўная фінансава-крэдытная ўстанова Еўрасаюза, якая прадастаўляе доўгатэрміновае фінансаванне, тэхнічныя веды і вопыт для рэалізацыі абгрунтаваных і жыццяздольных праектаў не толькі ў Еўропе, але і за яе межамі. Уласнікамі банка выступаюць 28 дзяржаў - членаў ЕС. Паводле ацэнак міжнародных фінансавых інстытутаў, ЕІБ з'яўляецца буйнейшым шматбаковым крэдыторам і пазычальнікам у свеце. Штаб-кватэра банка размешчана ў Люксембургу, сетка банка налічвае больш за 40 мясцовых аддзяленняў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі