28 верасня, Душанбэ /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Узаемадзеянне ў фармаце СНД павінна быць сінхранізавана з інтэграцыйнымі працэсамі ў Вялікай Еўразіі, асабліва ў рамках Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. З такой прапановай на саміце СНД выступіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Трэба вызначыць напрамкі для спалучэння магчымасцей нашых краін з буйнымі міжнароднымі праектамі, у першую чаргу з эканамічным поясам Шаўковага шляху. Беларусь ужо ўдзельнічае ў ім, развіваючы Кітайска-беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень", - заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што стабільным адносінам паміж дзяржавамі СНД будзе таксама садзейнічаць шырокі дыялог Садружнасці з Еўразійскім эканамічным саюзам.
Кіраўнік дзяржавы прапанаваў даручыць выканаўчаму сакратару СНД Сяргею Лебедзеву і старшыні Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Тыграну Саркісяну актывізаваць падрыхтоўку да падпісання абноўленага мемарандума аб паглыбленні ўзаемадзеяння паміж ЕЭК і Выканкамам СНД. "Гэты дакумент дасць магчымасць нашым партнёрам па Садружнасці аператыўна і ў поўным аб'ёме атрымліваць інфармацыю аб развіцці еўразійскай інтэграцыі, аб'ектыўна ацэньваць перспектывы нарошчвання супрацоўніцтва па прыярытэтных напрамках", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.-0-