Сцяг Нядзеля, 19 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
07 мая 2024, 21:04

Лукашэнка: у Беларусі прадоўжаць выяўляць і аддаваць пад суд тых, хто мае дачыненне да злачынстваў нацыстаў

7 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі прадоўжаць выяўляць і аддаваць пад суд тых, хто мае дачыненне да злачынстваў нацыстаў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на ўрачыстым сходзе з нагоды Дня Перамогі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Усе народы Зямлі павінны ведаць, якая неймаверна высокая цана была заплачана толькі беларусамі за мір і свабоду. Удумайцеся: звыш 300 тысяч нашых суайчыннікаў былі пагнаны ў Германію ў якасці рабоў - фактычна ўсё насельніцтва такой краіны, як Ісландыя, або ўвесь даваенны Мінск. Толькі сумна вядомы лагер "Трасцянец" забраў жыцці больш за 200 тысяч мірных грамадзян", - прывёў сумныя звесткі кіраўнік дзяржавы.

Нацыянальныя багацці Беларусі былі знішчаны або вывезены на Захад. Сотні гета і канцлагераў ператварылі мірную рэспубліку ў канвеер смерці. Сюды ж звозілі паміраць людзей з краін Еўропы, нагадаў Аляксандр Лукашэнка.

"Па сутнасці, гэта быў генацыд мірнага насельніцтва. Гэты факт афіцыйна ўстаноўлены Надзвычайнай урадавай камісіяй адразу пасля вайны, і ў наш час гэтыя расследаванні прадаўжае Генеральная пракуратура. Загінуў кожны трэці. Як бы хто ў "вялікіх дэмакратыях" ні працівіўся і ні перашкаджаў, што б ні гаварыў, нягледзячы на асобы і тэрміны даўнасці, мы будзем выяўляць і аддаваць пад суд тых, хто мае дачыненне да злачынстваў нацыстаў. Няхай нават пасмяротна або завочна", - заявіў Прэзідэнт.

"Пры гэтым сёння ў многіх заходніх дзяржавах наша Перамога аб'яўлена па-за законам. Пад сцягамі дывізій СС маршыруюць фашыствуючыя радыкалы. На дзяржаўным узроўні ўшаноўваюць ваенных злачынцаў. А тыя, хто шануе памяць аб Вялікай Перамозе, абвяшчаюцца ворагамі нацыі. Беспрэцэдэнтныя інфармацыйныя атакі і разнастайныя фальсіфікацыі з боку калектыўнага Захаду апраўдваюць учыненыя нацыстамі і іх памагатымі зверствы, - сказаў беларускі лідар. - Мы бачым, як рэваншысты спрабуюць выцягнуць з пекла нацысцкую ідэалогію. Усё падаецца так, нібыта і не было ніколі Нюрнбергскага трыбунала. І размова не толькі пра Украіну".

У гэтых умовах, адзначыў кіраўнік дзяржавы, праўда аб злачынствах фашызму служыць сур'ёзнай перасцярогай чалавецтву, а захаванне гістарычнай памяці набывае асаблівае значэнне.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі