Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
23 кастрычніка 2019, 14:17

Лукашэнка: у Беларусі і Кубы ёсць выразная палітычная воля прадаўжаць узаемавыгаднае супрацоўніцтва

23 кастрычніка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. У Беларусі і Кубы ёсць выразная палітычная воля прадаўжаць канструктыўнае і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння па выніках перагавораў у Мінску з Прэзідэнтам Кубы Мігелем Марыа Дыяс-Канелем Бермудэсам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта першы ў гісторыі сучасных двухбаковых адносін візіт кіраўніка кубінскай дзяржавы ў Беларусь. "Для нас гэта важны крок у далейшым паглыбленні стратэгічнага партнёрства паміж Мінскам і Гаванай. Пацвярджэнне таго, што вектар прыярытэтаў Кубы не зменіцца. Тры гады таму, калі Мігель Дыяс-Канель быў першым намеснікам старшыні Дзяржаўнага савета і Савета Міністраў Кубы, мы ўжо сустракаліся на беларускай зямлі", - адзначыў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, тыя перагаворы далі магчымасць надаць адчувальны імпульс развіццю беларуска-кубінскіх адносін, якія і раней былі ўзорнымі з пункту гледжання ўзаемаразумення і ўзаемнага даверу.

"А сёння ўжо на вышэйшым узроўні мы абмеркавалі ўвесь комплекс нашага двухбаковага парадку дня і выпрацавалі адпаведныя рашэнні на перспектыву. Гэта сустрэча пацвердзіла: у нашых краін ёсць выразная палітычная воля прадаўжаць канструктыўнае і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва, ажыццяўляць новыя сумесныя праекты на карысць народаў", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што ў яго з кубінскім калегам адбылася прадметная і грунтоўная размова, якая мела дружалюбны і адкрыты характар. Аляксандр Лукашэнка павіншаваў кіраўніка Кубы з паспяховым правядзеннем канстытуцыйнай рэформы і выбраннем на пасаду Прэзідэнта. "Упэўнены, адобраная кубінскім народам новая Канстытуцыя, якая замацавала дасягненні Кубінскай рэвалюцыі ў апошнія дзесяцігоддзі, стане надзейнай базай для далейшага стабільнага і планамернага развіцця брацкай Кубы, нягледзячы на ўсе цяжкасці і знешнія перашкоды", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На перагаворах у адкрытым ключы была абмеркавана сітуацыя ў свеце і рэгіёнах. Бакі пацвердзілі, што дзяржавы падзяляюць падыходы адна адной па ключавых пытаннях глабальнага парадку дня.

"Куба была і застаецца для нас стратэгічным партнёрам у Лацінскай Амерыцы і Карыбскім басейне. Агульнасць прынцыпаў знешняй палітыкі Мінска і Гаваны, такіх як раўнапраўе, неўмяшанне ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў, непрыманне сілавых метадаў вырашэння рознагалоссяў, даюць нам магчымасць канструктыўна ўзаемадзейнічаць на міжнародных пляцоўках", - адзначыў беларускі лідар.

Пры гэтым выдатныя палітычныя адносіны паміж Беларуссю і Кубай дапаўняе супрацоўніцтва ў сферах адукацыі і навукі, якое дынамічна развіваецца. "Абедзве дзяржавы надаюць прыярытэтнае значэнне пашырэнню інфармацыйных тэхналогій. З улікам сур'ёзнай адміністрацыйнай базы, якая сфарміравана і паспяхова прымяняецца ў Беларусі, мы абмяняліся меркаваннямі аб магчымасцях перадачы нашага перадавога вопыту кубінскім сябрам", - расказаў кіраўнік дзяржавы.

Асаблівая ўвага была ўдзелена гандлёва-эканамічным пытанням, прааналізавана рэалізацыя сумесных праектаў і намечаны перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва. "Беларуская тэхніка ўжо даўно зарэкамендавала сябе як надзейны памочнік кубінскіх аграрыяў, будаўнікоў, работнікаў прамысловасці. Нашы трактары, грузавікі, навясное абсталяванне паспяхова працуюць у сельскай гаспадарцы Кубы. А якасныя беларускія рухавікі актыўна выкарыстоўваюцца для мадэрнізацыі кубінскага парку сельгастэхнікі, - заявіў Прэзідэнт. - Мы дамовіліся і далей займацца мадэрнізацыяй і рамонтам сельгастэхнікі ў Кубе. Маем намер і далей садзейнічаць цеснаму ўзаемадзеянню ў гэтай сферы".

Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу, што за апошнія гады былі прапрацаваны новыя цікавыя для абодвух бакоў праекты. Гэта, напрыклад, устаноўка на Кубе станочнага абсталявання беларускай вытворчасці. Высокі інтарэс таксама ўяўляюць пастаўкі на Кубу і стварэнне там сумеснай вытворчасці бытавой тэхнікі, распрацаванай у Беларусі.

У сваю чаргу Беларусь выкарыстоўвае перадавую і вядомую ва ўсім свеце прадукцыю біяфармацэўтычнай галіны Кубы. Абмяркоўваецца магчымасць пашырэння наменклатуры пастаўляемых кубінскіх лекавых сродкаў, перадачы тэхналогій для іх вытворчасці на беларускіх магутнасцях.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі