16 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў прапрацаваць пытанне прывязкі заработнай платы кіраўнікоў сельгасарганізацый да вынікаў работы гаспадаркі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 16 красавіка на нарадзе аб развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Адной з тэм нарады стала вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі. За 2023 год рост гэтага паказчыка адзначаецца ва ўсіх рэгіёнах краіны - 104,5 працэнта. Але практычна адзіная стабільная крыніца штодзённага паступлення грашовых сродкаў - малочная жывёлагадоўля.
У мінулым годзе надаілі больш за 8 млн т малака, прыбаўка склала 6 працэнтаў да ўзроўню 2022 года. Гэты прырост забяспечаны ў асноўным за кошт Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай абласцей.
Прадукцыйнасць малочнага статка па краіне вырасла на 6 працэнтаў, але ў кілаграмах не дасягнула і 6 тыс. кг ад каровы (5854 кг), хоць гэты парог павінны былі пераступіць яшчэ да 2020 года, а далей толькі прыбаўляць.
Многімі гаспадаркамі назапашаны добры вопыт інтэнсіфікацыі малочнай вытворчасці, канстатаваў Прэзідэнт. Лідарамі сярод раёнаў па прадукцыйнасці дойнага статка сталі Гродзенскі, Бераставіцкі, Нясвіжскі, дзе надаілі больш за 9 тыс. кг малака ад каровы. Ёсць і перадавікі, здольныя атрымліваць па 12-13 тыс. кг малака ад каровы. Аднак у кожнай пятай арганізацыі сярэдні надой ад каровы склаў менш як 3 тыс. кг. У асноўным гэта арганізацыі ўсходніх абласцей.
"Пара задумацца аб сістэме аплаты працы кіраўнікоў сельгасарганізацый выключна ў прывязцы да вынікаў работы гаспадаркі. Няма выніку - атрымлівай мінімальную заработную плату", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду, аблвыканкамам, райвыканкамам дэталёва вывучыць стан спраў гаспадарак з нізкай прадукцыйнасцю, прыняць усе неабходныя меры па павышэнні эфектыўнасці работы такіх арганізацый.
"Нікуды не варта, калі перапрацоўшчыкі бяруць крэдыты, на гады наперад авансуючы сяло. Атрымліваецца, што гэта не бізнес, а сацыяльны праект. У гэтых умовах рэнтабельнасць у вёсцы ніколі не выйдзе на двухзначныя лічбы і прыстойных зарплат не будзе. І гэта пры тым, што кожны кантралёр указвае на недазагрузку прадпрыемстваў айчыннай сыравінай. З такім попытам гаспадаркі павінны жыраваць, а не аванс на зарплату прасіць", - сказаў Прэзідэнт.-0-