Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
19 кастрычніка 2018, 14:37

Лукашэнка: трэба падумаць аб заахвочванні трэнераў за падрыхтоўку добрых ігракоў

19 кастрычніка, Гродзенскі раён /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Тэма развіцця ў рэгіёнах дзіцяча-юнацкага спорту была адной з разгледжаных у час наведвання Прэзідэнтам спартыўных аб'ектаў у Гродне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы наведаў спарткомплекс "Пышкі", дзе азнаёміўся з арганізацыяй работы паветраапорнай крытай лядовай пляцоўкі хакейнага клуба "Нёман" і паветраапорнага крытага футбольнага манежа футбольнага клуба "Нёман". Прэзідэнт паразмаўляў з кіраўнікамі спартыўных устаноў і юнымі спартсменамі, пацікавіўся існуючымі праблемамі.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што неабходна падумаць аб заахвочванні трэнераў, у тым ліку невялікіх дзіцячых хакейных і футбольных каманд, за падрыхтоўку добрых ігракоў. Размова ідзе аб тым, каб заахвочваць трэнераў не толькі за месцы на спартыўных спаборніцтвах, а і за выхаванне спартсменаў, якія будуць выступаць за нацыянальныя зборныя, бо на такіх рэгіянальных спартыўных аб'ектах, як "Пышкі", і рыхтуюць, магчыма, будучых элітных ігракоў.

У час размовы са спартсменамі абмяркоўвалася пытанне пашырэння ў краіне такіх рэзервовых лядовых пляцовак у абласных цэнтрах і вялікіх гарадах, якія створаны ў Гродне. Іх будаўніцтва створыць дадатковыя ўмовы для трэніровак вучняў дзіцячых і юнацкіх спартыўных школ.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся меркаваннем юных спартсменаў аб прычынах часам слабай гульні беларускіх спартсменаў. "Я разумею, калі спартсмен выйшаў на лёд або поле, то павінен сапраўды гуляць, змагацца на полі", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён выказаў упэўненасць, што лепшыя з выхаванцаў змогуць абараняць гонар краіны на самых прэстыжных міжнародных спаборніцтвах.

У Гродзенскай вобласці хакей з шайбай развіваецца ў Гродне і Лідзе. На падрыхтоўку спартыўнага рэзерву арыентаваны спартыўная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву хакейнага клуба "Нёман" і лідская ДЮСШ па хакеі з шайбай. Для забеспячэння вучэбна-трэніровачнага працэсу функцыянуюць тры пляцоўкі са штучным ільдом у Гродне і Лідзе. Хакейны клуб "Нёман" выступае ў экстралізе (вышэйшай) чэмпіянату Беларусі з 1993 года.

Што датычыцца развіцця футбола, то за кошт выхаванцаў СДЮШАР фарміруецца зборная каманда Гродзенскай вобласці і рыхтуецца спартыўны рэзерв у асноўную каманду футбольнага клуба "Нёман". За час работы школы было падрыхтавана нямала футбалістаў высокага ўзроўню.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі