3 верасня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Тэрарызм стаў адной з самых магутных і адчувальных пагроз глабальнай бяспецы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў Мінску на міжнароднай канферэнцыі па барацьбе з тэрарызмам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэта тэма вельмі важная для забеспячэння бяспекі кожнай дзяржавы, на якім кантыненце яна ні знаходзілася б. "Тэрарызм стаў адной з самых магутных і адчувальных пагроз глабальнай бяспецы, ён не ведае межаў - ні дзяржаўных, ні маральных. Яго ахвяры - звычайныя людзі, сярод якіх старыя, жанчыны і дзеці. Яго метады - жорсткія і бесчалавечныя. Тэхналогіі, якія выкарыстоўваюцца ў падрыхтоўцы тэрарыстычных атак, развіваюцца са скорасцю сусветнага інфармацыйнага і тэхналагічнага прагрэсу", - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка назваў тэрарызм беспрэцэдэнтным выклікам сучаснаму грамадству. "Выклік, з якім не справіцца паасобку нават самым магутным дзяржавам, якім сілавым патэнцыялам і перадавымі распрацоўкамі яны ні валодалі б", - сказаў ён.
Паводле яго слоў, надышоў час усім краінам свету аб'яднаць намаганні ў сістэмнай барацьбе з тэрарыстамі і іх саўдзельнікамі, пачаць шырокі міжнародны дыялог. "Неабходнасць у сумеснай каардынацыі намаганняў, думаю, відавочна для ўсіх, перш за ўсё для прафесіяналаў, якія прысутнічаюць у гэтай зале. Безумоўна, галоўная роля ў гэтай місіі належыць ААН. Беларусь з'яўляецца ўдзельніцай усіх асноўных універсальных дагавораў, распрацаваных пад эгідай ААН. У 2006 годзе мы выступілі за прыняцце Глабальнай контртэрарыстычнай стратэгіі - першага дакумента, які вызначыў агульнасусветны падыход да барацьбы з тэрарызмам", - сказаў Прэзідэнт.-0-