Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
19 верасня 2019, 12:01

Лукашэнка: станоўчыя вынікі работы эканомікі людзі павінны адчуць на сабе

19 верасня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Станоўчыя вынікі работы эканомікі людзі павінны адчуць на сабе. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па пытаннях работы эканомікі за мінулы перыяд 2019 года, ацэнкі вынікаў года і пяцігодкі, праектаў прагнозу, бюджэту і асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі на 2020 год, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Справа не толькі і не столькі ў паказчыках, якія мы цяпер будзем абмяркоўваць. Станоўчыя вынікі работы эканомікі людзі павінны адчуць на сабе - праз пастаяннае павышэнне свайго дабрабыту і ўзроўню якасці жыцця", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што без эканамічнага росту гэтага дабіцца немагчыма. "Аднак мяне насцярожвае, што гэты эканамічны рост не толькі невялікі, але і вельмі няўстойлівы, мякка кажучы. Гэту тэндэнцыю трэба мяняць. Хто хоча і можа, заставайцеся і мяняйце", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт пацікавіўся ва ўдзельнікаў нарады, што зроблена і што трэба зрабіць, каб эканоміка была трывалай, а фактары, якія могуць прыводзіць да эканамічных дыспрапорцый, былі канчаткова зняты.

"Мы не можам заняць пазіцыю пабочных наглядальнікаў і задавольвацца збалансаванасцю. Выдуманай, прапісанай на паперы. Людзі, аказваючы давер у час розных, у тым ліку палітычных кампаній, не за гэта галасавалі і не гэтага ад нас патрабуюць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Дакладчыкаў ён папрасіў сканцэнтравацца на тым, як будуць выконвацца ўсе абяцанні народу - ад рашэнняў мясцовых выканаўчых органаў базавага ўзроўню да мэт і задач пяцігадовай праграмы.

Як праінфармаваў кіраўніка дзяржавы прэм'ер-міністр Сяргей Румас, з сямі зацверджаных на 2019 год прагнозных паказчыкаў выконваюцца чатыры. Пакуль не дасягнуты планы па экспарце, прадукцыйнасці працы і валавым унутраным прадукце. "У рэгіянальным разрэзе па росце ВУП толькі Мінская вобласць знаходзіцца ў прагнозе", - адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што за экспарт тавараў і паслуг персанальная адказнасць ім была ўскладзена на віцэ-прэм'ераў. Больш таго, гэты напрамак таксама замацаваны за Міністэрствам замежных спраў, якое мае шырокую сетку дыппрадстаўніцтваў за мяжой. Прэзідэнт запатрабаваў ад кожнага па сваёй сферы далажыць, чаму не выконваецца паказчык.

"Віцэ-прэм'еры не павінны бегаць за міністрамі, а міністры не павінны бегаць за губернатарамі, калі гэта, дапусцім, сельская гаспадарка, а займацца толькі тэхналогіямі. Міністр сельскай гаспадаркі - гэта тэхналогіі, нешта новае, перспектыўнае. Сеяць, убіраць, касіць, вазіць, кансерваваць - гэта справа губернатараў, старшынь райвыканкамаў, кіраўнікоў гаспадарак. А віцэ-прэм'ер павінен заняцца ключавым пытаннем, калі гэта сельская гаспадарка - экспартам прадукцыі", - расставіў акцэнты Прэзідэнт.

У пачатку нарады кіраўнік дзяржавы прапанаваў кожнаму ўдзельніку выказацца наконт пытанняў, якія насцярожваюць. Далей былі прадметна абмеркаваны ўсе ўзнятыя тэмы.

Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на ўзроўні аплаты працы работнікаў бюджэтнай сферы. Падрабязна аб тым, як выконваецца задача, каб зарплата ў бюджэтным сектары складала не менш як 80 працэнтаў ад сярэдняй па краіне, дакладваў прэм'ер-міністр. Аднак Прэзідэнт нагадаў аб важнасці павысіць даходы найбольш нізкааплатных работнікаў.

Абмеркавана праблематыка ў сферы прыцягнення інвестыцый. Тут галоўнае, на што нацэльвае беларускі лідар, - інвестыцыі павінны быць эфектыўнымі і даваць вынік.

Звернута ўвага на работу прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі. У першую чаргу гэта датычыцца якасці работы дырэктарскага корпуса.

У цэлым па выніках нарады кіраўнік дзяржавы палічыў планы ўрада на 2020 год недастаткова напружанымі і адправіў пакет прагнозных дакументаў на дапрацоўку. Цяпер у сціслыя тэрміны неабходна перагледзець падыходы, устараніць заўвагі і паўторна ўнесці пакет дакументаў на разгляд Прэзідэнта. Гэта задача не толькі ўрада, але і старшыні Савета Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча на чале маніторынгавай групы, старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі разам з цяперашнім складам дэпутацкага корпуса, Адміністрацыі Прэзідэнта, Камітэта дзяржкантролю, Нацыянальнага банка, кіраўнікоў рэгіёнаў. Дапрацаваныя праекты дакументаў, да таго як паступяць кіраўніку дзяржавы, павінны быць узгоднены і завізіраваны ўсімі адпаведнымі кіраўнікамі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі