Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
26 красавіка 2019, 10:04

Лукашэнка разлічвае на значнае развіццё супрацоўніцтва Беларусі з Сербіяй у бліжэйшыя гады

26 красавіка, Пекін /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае на значнае развіццё супрацоўніцтва Беларусі з Сербіяй у бліжэйшыя гады. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў Пекіне на сустрэчы з Прэзідэнтам Сербіі Аляксандрам Вучычам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Наша эканоміка пачынае падцягвацца бліжэй да палітыкі (размова пра добрыя двухбаковыя адносіны на палітычным узроўні. - Заўвага БЕЛТА). Думаю, што ў бліжэйшыя 2-3 гады мы зможам значна паскорыць супрацоўніцтва ў напрамку збліжэння па ўсіх пытаннях, якія нас цікавяць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ў прыватнасці анансаваў свой візіт у Сербію. Цяпер вядзецца работа па яго напаўненні. "Думаю, што ў час нашай сустрэчы і майго візіту да вас у Сербію мы вельмі сур'ёзна абмяркуем напрамкі нашага супрацоўніцтва, каб нам было што сказаць людзям і ў Сербіі, і ў Беларусі", - адзначыў беларускі лідар.

"Хоць далёка ад радзімы, Сербіі і Беларусі, але нам удалося сустрэцца і абмяняцца меркаваннямі па некаторых пытаннях. Што датычыцца палітычных пытанняў, праблем у нас практычна ніякіх няма. Мы прытрымліваемся аднолькавых поглядаў на міжнародны парадак дня. Што датычыцца гандлёва-эканамічнага складніка нашых адносін, у мінулым годзе ў нас пэўны спад тавараабароту, але ўжо ў гэтым па першым квартале прырост. Але ўсё роўна гэта не тыя аб'ёмы тавараабароту, якія павінны быць паміж дружалюбнымі краінамі і краінамі, якія валодаюць такім патэнцыялам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, у ходзе яго маючага адбыцца візіту ў Сербію будуць узнімацца інвестыцыйныя пытанні, стварэнне і развіццё сумесных прадпрыемстваў. "У нас працэс ідзе. Мы развіваем сумесную вытворчасць у вас на базе МАЗа і трактарнага завода. У нас ёсць магчымасці па рабоце ў сельгасмашынабудаванні, таксама па стварэнні сумесных вытворчасцей і многіх іншых напрамках", - упэўнены беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама закрануў тэму ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, падкрэсліўшы, што ў гэтым плане няма ніякіх закрытых або забароненых тэм: "Мы гатовы з блізкай і роднай Сербіяй супрацоўнічаць настолькі, наколькі гэта патрэбна Сербіі і наколькі мы можам аказаць падтрымку ў развіцці сербскага ВПК і пастаўках адпаведнай ваеннай тэхнікі. Мы гэта не ўтойваем. Забароненых тэм тут няма".

"Словам, па ўсіх напрамках мы намацваем пытанні, якія нададуць дадатковы імпульс нашаму супрацоўніцтву. Я вельмі хачу, каб наша чарговая сустрэча была значнай і вывела наша супрацоўніцтва на больш высокі ўзровень. Упэўнены, што мы з вам гэтага даб'ёмся", - рэзюмаваў беларускі лідар.

У сваю чаргу Аляксандр Вучыч згадзіўся, што паміж краінамі сапраўды добрыя палітычныя адносіны, але трэба дадаткова папрацаваць над павелічэннем аб'ёму тавараабароту, чаму ў тым ліку садзейнічае стварэнне сумесных прадпрыемстваў. "Мы абсалютна адкрытыя ў гэтым плане, чакаем вас у Бялградзе", - сказаў ён.

"Усё, што вы сказалі наконт ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, - гэта вельмі важна для нас. Вялікі дзякуй за ўсё, што вы ўжо зрабілі", - дадаў Прэзідэнт Сербіі.

Ён таксама падкрэсліў, што ў Сербіі заўсёды рады супрацоўніцтву з дружалюбнай Беларуссю і гатовы рабіць у гэтым напрамку практычныя захады.

Паміж Беларуссю і Сербіяй падтрымліваецца дыялог на вышэйшым і высокім узроўнях. Прэзідэнт Беларусі наведваў Сербію чатыры разы (у 1998, 1999, 2009, 2014 гадах). Адбыліся таксама чатыры візіты лідараў Сербіі ў Беларусь (у 1996, 2013, 2015, 2017 гадах). Цяпер паміж краінамі дзейнічае больш за 40 двухбаковых пагадненняў. У 2009 годзе падпісана міжурадавае пагадненне аб свабодным гандлі. У 2018 годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Сербіяй склаў $148 млн.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі