Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
02 кастрычніка 2018, 16:07

Лукашэнка распарадзіўся на працягу сутак адмяніць абмежаванні продажу алкаголю ў начны час

2 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся на працягу сутак адмяніць абмежаванні продажу алкаголю ў гандлёвай сетцы ў начны час з 23.00 да 07.00, якія ў парадку эксперыменту ўведзены з 1 кастрычніка ў Мінску і месцамі на раённым узроўні. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі.

"Прэзідэнт, азнаёміўшыся з прадстаўленай яму інфармацыяй, прыняў рашэнне на працягу сутак адмяніць гэтыя непрадуманыя рашэнні", - заявілі ў Адміністрацыі.

Гэта рашэнне кіраўніка дзяржавы прадыктавана тым, што змагацца з п'янствам і алкагалізмам неабходна не такімі аднабокімі забаронамі, якія на практыцы замест чаканага станоўчага выніку прыводзяць да росту ценявога рынку і крымінальнай сферы, у тым ліку павелічэння прапанавання кантрафактнай прадукцыі.

Адзначаецца, што вопыт як Беларусі, пачынаючы з савецкіх часоў, так і замежных краін сведчыць аб неэфектыўнасці і нават шкоднасці забарон. Часам непрадуманыя рашэнні ў гэтым ключы набывалі самыя гіпертрафіраваныя формы, аж да высечкі вінаграднікаў, што на доўгія гады практычна знішчыла цэлыя галіны сельскай гаспадаркі ў шэрагу краін.

"З іншага боку, попыт заўсёды знаходзіць прапанаванне. Продажы з-пад крыса тымі ж таксістамі, рост ужывання любых спіртазмяшчальных вадкасцей, праблема кантрафакту ва ўмовах немагчымасці кантраляваць сітуацыю ў рамках цывілізаваных умоў гандлю... І, як вынік, павелічэнне колькасці правапарушэнняў і алкагольных атручэнняў, дадатковая нагрузка на сістэму аховы здароўя і расход бюджэтных сродкаў. Усё гэта таксама найбольш верагодныя наступствы такіх забарон", - падзяліліся ў Адміністрацыі Прэзідэнта падаплёкай прынятага рашэння.

Пры гэтым падкрэсліваецца, што вырашэнне існуючай праблемы павінна мець комплексны характар з галоўным упорам на меры прафілактычнага і выхаваўчага характару, фарміравання моды на здаровы лад жыцця.

Як паведамлялася, раней у Мінску было прынята рашэнне абмежаваць продаж алкагольных напіткаў у начны час па 1 кастрычніка 2019 года. З 23.00 да 7.00 у гандлёвай сетцы забаронена рэалізацыя гарэлкі, лікёра-гарэлачных вырабаў, віна, каньяку, брэндзі, кальвадосу, шампанскага і іншых напіткаў з аб'ёмнай доляй этылавага спірту 7 працэнтаў і больш, а таксама піва і слабаалкагольных напіткаў. Прадаваць алкаголь у гэты час могуць толькі аб'екты грамадскага харчавання ў разліў. Да гэтага эксперыменту месцамі падключыліся і на раённым узроўні.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі