Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
30 верасня 2016, 12:50

Лукашэнка расказаў, што лічыць самым важным у беларуска-кітайскай дружбе

30 верасня, Пекін /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка расказаў, што лічыць самым важным у беларуска-кітайскай дружбе. Адпаведную заяву кіраўнік дзяржавы зрабіў сёння, адказваючы на пытанні студэнтаў Пекінскага ўніверсітэта, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Самым важным беларускі лідар назваў той факт, што на чале Кітая стаіць кіраўнік - Сі Цзіньпін, з якім за кароткі прамежак часу ўдалося выбудаваць цяперашні вельмі высокі ўзровень адносін.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яго асабістае знаёмства з Сі Цзіньпінам адбылося яшчэ тады, калі той на пасадзе намесніка Старшыні КНР наведаў з візітам Беларусь. "Мы пяць гадзін у мяне ў кабінеце стаялі перад глобусам і разважалі аб сусветных праблемах. Размова была абсалютна шчырая. Кітайцы - людзі стрыманыя. Яны доўга могуць ісці (да прыняцця тых або іншых важных рашэнняў. - Заўвага БЕЛТА), але калі прымуць рашэнне, то пойдуць. Так атрымалася з Сі Цзіньпінам, - сказаў Прэзідэнт. - Я бачу, што, стаўшы кіраўніком такой імперыі, як Кітай, ён памятае да коскі ўсю гэту размову ў кабінеце. А потым ён стаў Старшынёй КНР, і мне прасцей ужо было з ім выбудоўваць адносіны, таму што мы былі знаёмы".

"Я вельмі ўдзячны лёсу, што ў Кітаі мой калега - менавіта Сі Цзіньпін. Хоць я працаваў пры трох кіраўніках - з Цзян Цзэмінем, Ху Цзіньтаа і цяпер Сі Цзіньпінам", - падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, стратэгія развіцця сучаснай Беларусі грунтуецца на сацыяльна арыентаванай рыначнай эканоміцы, у якой дзяржаве адведзена вельмі важная роля па мадэрнізацыі вытворчасці і стымуляванні росту прадукцыйнасці працы. "Але зразумела, што дасягненне гэтых мэт немагчыма без тэхнічнага прагрэсу, інвестыцый і ўзаемадзеяння са знешнім светам. І знакавае месца ў гэтым працэсе займае супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Шчырая зацікаўленасць і ўсведамленне ўзаемнай выгады далі магчымасць нам рэалізаваць буйныя і высокатэхналагічныя сумесныя праекты. У іх ліку запуск беларускага спадарожніка з касмадрома "Січан". Мадэрнізацыя электрастанцый, рэканструкцыя аўтамабільных дарог і электрыфікацыя чыгунак", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Кітаем былі ўстаноўлены амаль 25 гадоў таму. "Мы можам з гордасцю адзначыць, што за такі малы перыяд у параўнанні з іншымі краінамі нашы адносіны набылі асаблівы даверны статус усебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Вялікі Кітай толькі з чатырма дзяржавамі мае такі высокі ўзровень супрацоўніцтва, і ў іх лік уваходзіць Беларусь. Мы гэтым ганарымся", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь з задавальненнем будуе і развівае свае адносіны з Кітаем, нягледзячы на геаграфічную аддаленасць у тысячы кіламетраў. "У першую чаргу таму, што за 25 гадоў вы ніколі не ставілі нам ніякіх папярэдніх умоў. Вы заўсёды сумленна і прыстойна выбудоўвалі адносіны на раўнапраўнай аснове. І гэта дае свой плён", - дадаў кіраўнік дзяржавы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі