Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
15 красавіка 2019, 16:23

Лукашэнка расказаў, што будзе абмяркоўваць на перагаворах з Эрдаганам

15 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю турэцкаму інфармацыйнаму агенцтву "Анадолу" расказаў, што плануе ў бліжэйшы час абмеркаваць на перагаворах з Прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што фундаментам любых адносін паміж дзяржавамі з'яўляецца гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва і яго трэба развіваць, калі краіны хочуць мець доўгатэрміновыя і стабільныя адносіны. "Нам трэба гэты фундамент ствараць, трэба яго ўмацоўваць. І пад тое, што ў нас выбудавана, трэба падводзіць цяпер магутны фундамент у выглядзе гандлю, эканамічных адносін, інвестыцый. Мы да гэтага падышлі. І маючы адбыцца візіт у Турцыю будзе ў асноўным прысвечаны гэтаму. Мы будзем гаварыць аб сумесных праектах, аб сумесных інвестыцыях, аб больш інтэнсіўным і збалансаваным гандлі", - расказаў Прэзідэнт.

"Калі шчыра гаварыць, то палітычныя, дыпламатычныя, гуманітарныя, а апошнім часам і культурныя ўзаемаадносіны нашых дзяржаў значна апярэджваюць гандлёва-эканамічныя. А гандлёва-эканамічныя адносіны, няхай нават мы маем мільярд долараў тавараабароту, - гэта не тыя аб'ёмы. Дарэчы, з вялікім дэфіцытам для Беларусі. Парытэт павінен быць, экспарт-імпарт трэба выраўноўваць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, Беларусь хоча мець з Турцыяй такія ж цёплыя і дружалюбныя адносіны, як, напрыклад, з Расіяй. "А чаму б і не? У Расіі з вамі цяпер вельмі добрыя адносіны. Чаму ў нас павінны з вамі быць адносіны не тое што горшыя, а ніжэйшыя? Такога быць не павінна. Таму мы з Прэзідэнтам Эрдаганам адназначна падцягнем узровень нашых адносін нават вышэй, чым у вас з Расійскай Федэрацыяй. Мы намацалі за гэтыя гады тыя агульныя інтарэсы, тыя пазіцыі, па якіх сёння трэба працаваць. І мы поўныя рашучасці гэта зрабіць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У Беларусі і Турцыі шмат агульных інтарэсаў, дадаў кіраўнік дзяржавы: ІТ-сектар, сфера тэхналогій, хімічная і нафтахімічная прамысловасць, вытворчасць аўтамабільнай тэхнікі.

"Вы вельмі маеце патрэбу ў нашай тэхніцы - Турцыя велізарная краіна - кормаўборачнай, збожжаўборачнай, машынах вялікай грузападымальнасці амаль да 500 т (мы ствараем такія кар'ерныя самазвалы), аўтамабілях сярэдняй, малой грузападымальнасці, трактарах МТЗ. Усё гэта вам цікава. І мы прыйшлі ўжо ў Турцыю, ствараем там свае прадстаўніцтвы, гандлёвыя дамы, сэрвісныя цэнтры. Нават у сферы ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, нягледзячы на тое што вы краіна НАТА, а мы належым да іншага ваенна-палітычнага блока - АДКБ, мы знайшлі з вамі агульныя пункты і супрацоўнічаем", - заўважыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў цёплыя, дружалюбныя адносіны з турэцкім лідарам. "Мы называем адзін аднаго братам, гэта была ініцыятыва Рэджэпа Эрдагана. Я яго называю сваім сябрам. Па-рознаму. Але заўсёды, як блізкія, можна нават сказаць, як родныя людзі. Пасля пэўных падзей, якія перажыла Турцыя (я не буду іх цяпер называць) і ў якія я міжвольна быў уцягнуты больш за ўсё з падачы свайго сябра Рэджэпа Таіпа Эрдагана, мы сталі яшчэ бліжэй", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы разумеем адзін аднаго, падтрымліваем адзін аднаго на ўсіх міжнародных пляцоўках, будуем вельмі добрыя адносіны паміж магутнай, багатай Турцыяй і вельмі важнай тут на поўначы краінай Беларуссю. У нас няма ніякіх закрытых тэм для супрацоўніцтва, і ў сувязі з гэтым нашы адносіны вельмі блізкія і вельмі дружалюбныя", - падкрэсліў беларускі лідар.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі