Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
24 кастрычніка 2019, 13:46

Лукашэнка прыбыў з афіцыйным візітам у Нур-Султан, у аэрапорце яго сустрэў Такаеў

24 кастрычніка, Нур-Султан /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыбыў з афіцыйным візітам у Казахстан. Беларускі борт нумар адзін сеў у аэрапорце "Нурсултан Назарбаеў", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Ля трапа самалёта кіраўніка дзяржавы сустракаў асабіста Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў.

Пасля прыбыцця ў Нур-Султан кіраўнік дзяржавы ўсклаў вянок да манумента "Абаронцы Айчыны". Помнік быў адкрыты 9 мая 2001 года, з таго часу тут праводзяць мерапрыемствы ў гонар Дня Перамогі. Манумент уяўляе сабой стэлу вышынёй больш за 37 м. Цэнтральная фігура манумента, жанчына, якая ўсміхаецца, - вобраз Радзімы-маці. Яна заклікае да адзінства і згоды. На барэльефе з аднаго боку ад стэлы савецкія воіны, з другога - казахскія батыры, якія разграмілі джунгар. Ля помніка гарыць Вечны агонь.

Сёння вечарам прэзідэнты змогуць абмеркаваць двухбаковае супрацоўніцтва за нефармальнай вячэрай, а ўжо заўтра кіраўнікі дзяржаў правядуць афіцыйныя перагаворы. Яны абмяркуюць развіццё міждзяржаўных адносін з акцэнтам на гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне. Прэзідэнты разгледзяць перспектывы пашырэння прамысловай кааперацыі, нарошчвання супрацоўніцтва ў розных галінах эканомікі, у тым ліку ў сельскай гаспадарцы, транспарце і лагістыцы, нафтахімічным комплексе, сферы высокіх тэхналогій. Па выніках перагавораў чакаецца падпісанне пакета двухбаковых пагадненняў.

Пасол Беларусі ў Казахстане Анатоль Нічкасаў у час размовы з журналістамі адзначыў, што папярэдні афіцыйны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Казахстан адбыўся ў кастрычніку 2013 года, з таго моманту прайшло даволі шмат часу. "Нягледзячы на тое, што даволі часта нашы прэзідэнты сустракаюцца на пляцоўках ЕАЭС, СНД, гэта заўсёды падзея", - падкрэсліў дыпламат.

Ён лічыць, што казахстанскі рынак - вельмі перспектыўны і беларускі бок не павінен яго нікому аддаваць. "Неабходна нарошчваць лінейку прадукцыі, павялічваць колькасць партнёраў, заходзіць у рэгіёны, а не толькі таптацца ў цэнтральнай частцы. Нас тут прымаюць вельмі добра. Адносіны да беларускай прадукцыі апрыёры такія: калі беларускае - значыць выдатнай якасці", - звярнуў увагу пасол.

Анатоль Нічкасаў дадаў, што 23 кастрычніка ў свабоднай эканамічнай зоне "Харгос", якую называюць усходнімі варотамі ЕАЭС, адкрыўся беларускі магазін бяспошліннага гандлю. Прадукцыя беларускіх прадпрыемстваў, заявіў ён, выклікае вялікі інтарэс у кітайскага боку. "Яны проста не выходзяць з гэтага магазіна. Тавар, які туды завезены, вельмі хутка разыдзецца, і разам з ім разыдзецца інфармацыя аб выдатным беларускім тавары. Таму трэба працаваць па ўсіх напрамках", - перакананы ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі