Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
15 сакавіка 2018, 16:18

Лукашэнка прапануе суддзям Канстытуцыйнага суда весці актыўную выкладчыцкую работу ў ВНУ

15 сакавіка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапануе суддзям Канстытуцыйнага суда весці актыўную выкладчыцкую работу ў ВНУ, асабліва на юрыдычных спецыяльнасцях, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На нарадзе з суддзямі абмяркоўвалася фарміраванне канстытуцыйна арыентаванай правасвядомасці ў сучасных умовах. Кіраўнік дзяржавы згадзіўся з тым, што "зярняты" гэтага працэсу павінны закладвацца чалавеку яшчэ ў школе. Аднак асаблівы акцэнт Прэзідэнт зрабіў менавіта на рабоце ў ВНУ. "Хацелася б, каб вы хаця б у нашых асноўных ВНУ выкладалі і назіралі за тым, што там адбываецца. Вы класныя спецыялісты, аўтарытэтныя. Вас студэнты будуць слухаць. Заадно вы адчуеце, на якім жа ўзроўні і што ў рэшце рэшт мы выкладаем будучым юрыстам. У нас вельмі шмат праблем, і я асабіста з імі сутыкаюся часта, разглядаючы тыя ці іншыя пытанні, кантралюючы іх. У нас вельмі шмат праблем сярод практыкуючых юрыстаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы прывёў у якасці прыкладу працэс рэфармавання ў Акадэміі кіравання. "Вось у гэтай частцы, а гэта вялікая сфера дзейнасці дзяржаўных служачых, проста хочам "пералапаціць" акадэмію, рыхтаваць там тых, хто заўтра патрэбны дзяржаве, хто ўмее кіраваць. Адабраць гэтых людзей. А па-другое, вучыць іх таму, што ім патрэбна, пачынаючы ад замежнай мовы, каб свабодна мог размаўляць (заўтра нехта з іх міністр, віцэ-прэм'ер, прэм'ер), і заканчваючы ў тым ліку нават не ведамі, а правасвядомасцю. І лепш за іх (суддзяў Канстытуцыйнага суда. - Заўвага БЕЛТА) гэты сегмент ніхто не выбудуе", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што пытанне ўдасканалення адукацыйнага працэсу важна для ўсіх ВНУ, у прыватнасці, у пытаннях праграм, дапаможнікаў, падрыхтоўкі, падбору выкладчыкаў. "Таму што сёння гавораць: вось, зарплата выкладчыкам... А з іншага боку, за што плаціць? Жывога ж нічога няма. Вось з айцішнікамі сутыкнуліся, я гавару: паглядзіце на ВНУ. Прыходзяць, за галаву бяруцца, кажуць: мы гатовы грошы плаціць і нават падбіраць будзем выкладчыкаў, каб яны нам рыхтавалі спецыялістаў, таму што тое, што ёсць у ВНУ, - учарашні дзень. Вось і плаці зарплату. Але і мы ў гэтай частцы вінаватыя. Мы павінны гэты працэс штурхнуць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Мы некалі за школу ўчапіліся, нешта там робім. Быццам і нешта зрабілі. Я бачу гэта па тым, як я "вучуся" цяпер у гэтай школе, праходжу нанова яе (размова пра ўвагу да вучобы малодшага сына. - Заўвага БЕЛТА). Але да ВНУ мы не падышлі. Трэба рыхтаваць новых спецыялістаў. А што датычыцца юрыспрудэнцыі, у гэтай частцы хацелася б таксама, каб члены Канстытуцыйнага суда гэту работу вялі. Калі для гэтага трэба нейкае нарматыўна-прававое рэгуляванне, калі ласка, уносьце прапановы, фармалізуем", - рэзюмаваў Прэзідэнт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі