Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
06 верасня 2019, 14:43

Лукашэнка пра брэсцкі акумулятарны завод: я на баку людзей

6 верасня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў час наведвання Брэста выказаў сваю пазіцыю наконт будаўніцтва ў горадзе акумулятарнага завода, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Думаю, не буду вельмі арыгінальны ў сваім меркаванні: я ў гэтым выпадку на баку людзей. Тут з'явіліся ўжо і арыштаваныя, і затрыманыя, і крымінальныя справы, і іншае. На жаль, яны з'явіліся тады, калі ўся інфармацыя дайшла да Прэзідэнта", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што як толькі да яго паступіла інфармацыя аб праблемах, звязаных з будаўніцтвам акумулятарнага завода, гэту інфармацыю сталі дасканала пераправяраць. Не разабраўшыся ў сітуацыі, махаць мячом проста недапушчальна, падкрэсліў ён.

"Калі я пераправерыў інфармацыю, я ўбачыў, што тут людзі, якія перажываюць за экалогію, сваё жыццё, жыццё дзяцей, у асноўным маюць рацыю. І я ўбачыў правапарушэнні - з боку і асобных дзяржаўных служачых, і асобных дзялкоў, якія паабяцалі пабудаваць у цэлым патрэбны нам аб'ект", - расказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў Беларусі не было акумулятарнага завода, і праект у Брэсце быў добрым. Яго трэба было рэалізоўваць, аднак у адпаведнасці з усімі патрабаваннямі, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

"Але гэта таго не варта, каб даймаць людзей і гадзіць экалогію. Мы пачынаем вычышчаць, вымываць краіну, і на табе - лыжка дзёгцю. Таму я бачыў там крымінальныя справы і строга даручыў адпаведным службовым асобам заняцца гэтым пытаннем. Калі зразумелі, што Прэзідэнт трымае на кантролі, рукамі развялі і адправілі ў месцы не такія аддаленыя некалькі чалавек. Астатнія беглыя - шукаем. Дакладней, мы ведаем, дзе яны - прывязём дамоў, гэта не пытанне. І запатрабуем максімальна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт дадаў, што калі акумулятарны завод у Брэсце будуць уводзіць у строй, то ён павінен адпавядаць усім экалагічным стандартам. Паводле яго слоў, таксама неабходна прадаставіць права мясцоваму насельніцтву правесці экспертызу. "Толькі яны будуць вырашаць, ці быць гэтаму заводу і якім будзе гэты завод", - запэўніў кіраўнік дзяржавы.

У той жа час Прэзідэнт нагадаў, што на хвалі чарнобыльскай катастрофы ў Беларусі актывізаваліся вельмі нацыяналістычныя рухі. "І дзе яны цяпер? Гэтага нацыяналізму хапала ўсюды, гэта прывяло да развалу Савецкага Саюза і шмат-шмат бед прынесла народам, асабліва беларусам. Так і тут - ёсць праблема, і нехта хоча палітычна пагрэць рукі: ужо ўладу мяняць будуць, таму што завод дрэнны. Я хачу, каб мудрыя, адукаваныя, разумныя брастаўчане разумелі, што яны выкарыстоўваюць любую падставу для таго, каб прарвацца ва ўладу. Яшчэ параіў бы ім, хто выкарыстоўвае гэты выпадак, што яны будуць рабіць у гэтай уладзе. Цяперашняя ўлада разбярэцца, не з такімі праблемамі разбіраліся. Мы яе вырашым так, як трэба брастаўчанам", - рэзюмаваў беларускі лідар.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі