Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
12 лістапада 2019, 15:38

Лукашэнка пра Беларусь: мы абсалютна адкрытая краіна

12 лістапада, Вена /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусь - абсалютна адкрытая краіна. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў Вене, адказваючы на пытанні журналістаў пасля перагавораў з Федэральным прэзідэнтам Аўстрыі Аляксандрам Ван дэр Беленам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы абсалютна адкрытая краіна. Смею запэўніць, больш, чым вы. Грамадзяне прыкладна 90 дзяржаў маюць магчымасць без віз уязджаць у аўтарытарную, як вы сказалі, Беларусь. Мы абсалютна адкрытыя для ўсіх", - прывёў прыклад кіраўнік дзяржавы.

Ён параіў журналісту, які задаў пытанне і раней ні разу не бываў у Беларусі, перш чым даваць ацэнкі, наведаць краіну і ацаніць сітуацыю сваімі вачамі.

Што датычыцца элемента аўтарытарнасці ўлады, Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што сапраўды гэта сфера ў Беларусі вельмі адрозніваецца ад сістэмы кіравання дзяржаўнымі інстытутамі, функцыянавання грамадства і эканомікі ў Аўстрыі. "І калі б вы мяне спыталі: а на гэтым этапе развіцця Беларусі што лепш, мы з вамі не знайшлі б агульнага разумення", - выказаў меркаванне Прэзідэнт, звяртаючыся да журналіста.

Ён адзначыў, што часам незразумела, што маецца на ўвазе, калі задаецца пытанне на тэму захавання правоў чалавека: "Што вам не падабаецца ў Беларусі ў плане правоў чалавека? Ёсць права на жыццё. Гэта галоўнае права. Права на работу - чалавек павінен мець гарантыю працаваць у сваёй краіне. А калі ёсць жаданне паехаць у Аўстрыю, Польшчу ці іншыя краіны. Вы хочаце сказаць, што мы камусьці забараняем гэты выезд? Не скажаце".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў таксама, што ёсць агульнапрызнанае права на атрыманне адукацыі. "І не проста адукацыя, а за кошт дзяржавы - бясплатная адукацыя для чалавека. Яна ў вашай краіне так развіта, як у Беларусі? Я адразу магу даць адказ: далёка не так", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. У сваю чаргу ў Беларусі ўсе атрымліваюць агульную сярэднюю адукацыю, а каля паловы потым атрымліваюць бясплатную вышэйшую адукацыю. Акрамя таго, у краіне бясплатная ахова здароўя для ўсіх грамадзян.

"Я хацеў бы, каб вы назвалі хаця б адну краіну ў Еўрасаюзе, якая змагла б пахваліцца гэтымі дасягненнямі, - заўважыў беларускі лідар. - Я магу пералічваць многае. Але калі журналіст мне задае пытанне па некаторых правах чалавека, я адразу ў яго вачах чытаю адно нямое пытанне: СМІ і іншае... Вы калі-небудзь чулі, што ў Беларусі забаранілі інтэрнэт? Напэўна, гэтыя папрокі ўжо даўно канулі ў Лету. Адышлі ў нябыт. Сёння немагчыма нешта забараніць, асабліва ў СМІ".

Гаворачы пра свабоду інфармацыі, кіраўнік дзяржавы дадаў: "Адкрывайце любы мэсэнджар, тэлефон, планшэт, камп'ютар, і вы атрымаеце любую інфармацыю. Што датычыцца мяне, аўтарытарнага лідара, як вы сказалі, пачытайце, што за апошні месяц пра мяне напісалі, і вы жахняцеся - прадстаўнік дэмакратычнай краіны і дэмакратычнай прэсы".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пытанне журналіста на тэму правоў чалавека традыцыйнае, але абсалютна нічога не мае агульнага з рэчаіснасцю ў Беларусі. "Яшчэ раз запрашаю вас, як многіх журналістаў, пабываць у нас у Беларусі. Падстаў для гэтага было шмат, у тым ліку II Еўрапейскія гульні. У будучым чэмпіянат свету (па хакеі ў 2021 годзе. - Заўвага БЕЛТА) мы разам з латышамі праводзім. Можаце раней прыехаць, каб азнаёміцца", - запрасіў ён.

"Упэўнены, калі раней прыедзеце, то ў 2021 годзе вы прыедзеце ўсёй сям'ёй і са сваімі сябрамі ў Беларусь. Гэта краіна, куды хочацца вярнуцца любому чалавеку, які нарадзіўся ў Беларусі. І гэта краіна, дзе можна ціха і бяспечна адпачыць", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён дадаў, што нядаўна прачытаў у аглядзе меркаванне аднаго аўстрыйца, які ўпершыню наведаў Беларусь і быў уражаны бяспекай, адкрытасцю людзей і тым жыццём, якім жывуць у краіне.

"Я спадару Прэзідэнту сказаў: так, мы пакуль не такія багатыя матэрыяльна. Але вы ведаеце, багацце - гэта не толькі матэрыяльнае, гэта перш за ўсё духоўнае, - упэўнены кіраўнік дзяржавы. - Наша краіна ў гады апошняй вайны была сцёрта з зямлі. І калі б мы не мабілізаваліся, не выбудавалі вось гэту аўтарытарную, як вы сказалі, уладу, мы сёння не мелі б суверэннай і незалежнай Беларусі".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на няпростую сітуацыю вакол Беларусі: "Мы сёння заціснуты, як у цісках, паміж Усходам і Захадам. І нам часам бывае вельмі няпроста. А вы ў свой час (такія дэмакратычныя) закрылі для нас Еўропу і хацелі, каб мы выжылі. І для таго каб выжыць, мы выкарыстоўвалі розныя метады. Але ніхто не скажа, што яны не былі дэмакратычнымі, што яны былі на шкоду нашаму народу".

"Беларускі народ для мяне, ды і для Еўропы - найвялікшая каштоўнасць. І інтарэсаў гэтага народа мы будзем заўсёды прытрымлівацца", - запэўніў Прэзідэнт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі