15 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Попыт на абнаўленне сістэмы мер па ўмацаванні бяспекі ў Еўропе расце з кожным днём. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з членамі Свяшчэннага сінода Рускай праваслаўнай царквы і Сінода Беларускай праваслаўнай царквы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Попыт на абнаўленне сістэмы мер па ўмацаванні даверу, бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе з кожным днём толькі расце. Надышоў час звярнуцца да лепшага вопыту сусветнай гісторыі - працэсу ў Хельсінкі мінулага стагоддзя", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што пазіцыя Беларусі ў пытаннях пераадолення рознагалоссяў у еўрапейскай і еўразійскай прасторах застанецца нязменнай. "І тут, па маім глыбокім перакананні, голас царквы - адзін з найбольш магутных і ўплывовых - павінен гучаць ва ўнісон з дзяржавай", - заявіў ён.
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што на шляху супраціўлення разбуральным тэндэнцыям сучаснасці ў дзяржавы і праваслаўнай царквы шмат агульных інтарэсаў. Важнейшыя з іх - умацаванне хрысціянскіх жыццёвых арыенціраў, міжнацыянальнага міру, міжканфесійнага дыялогу і добрасуседства ўсіх рэлігій.
"Абарона інстытута сям'і, шанаванне бацькоў, любоў да людзей, выхаванне патрыятызму, павага да гісторыі, мовы і культуры, сумленная праца - гэта базавыя каштоўнасці, уласцівыя праваслаўю і каталіцтву, іўдаізму і ісламу, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Таму згода паміж прадстаўнікамі традыцыйных рэлігій з'яўляецца непахіснай асновай жыцця ў нашай краіне".
Паводле яго слоў, аб'ядноўваючыся ў духоўных і маральных арыенцірах, дзяржава і канфесіі паказваюць узор высокаарганізаванага грамадства. "Наша адзінства - лепшая абарона ад знешніх і ўнутраных пагроз. Перакананы: сумеснымі намаганнямі нам удасца знайсці новыя правільныя рашэнні па пераадоленні ўсіх выклікаў сучаснасці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.-0-