Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
10 лютага 2017, 11:30

Лукашэнка патрабуе збалансаванага развіцця і пошуку новых кропак росту эканомікі Беларусі

10 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе забяспечыць збалансаванае развіццё эканомікі краіны. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на нарадзе па актуальных пытаннях развіцця эканомікі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У сучасным свеце пытанні развіцця эканомікі, пошуку новых кропак яе росту актуальныя для любой дзяржавы. Мы не з'яўляемся ў гэтым плане выключэннем", - сказаў Прэзідэнт.

У ліку запрошаных на нараду - невялікая група экспертаў, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў правядзенні сацыяльна-эканамічнай палітыкі ў Беларусі. "Гэта значыць з аднаго боку - людзі, якія сёння займаюцца эканомікай. З другога - якія займаліся эканомікай амаль што на гэтых жа пасадах учора, але да гэтага часу працуюць у той ці іншай эканамічнай структуры, і для якіх развіццё нашай краіны неабыякава", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт расказаў, што апошнім часам атрымлівае вельмі шмат пісьмаў з розных крыніц, у якіх спецыялісты выказваюць сваю пазіцыю і пункт гледжання. "Часам крытычны адносна некаторых напрамкаў развіцця нашай эканомікі. Я адчуваю, што назбіралася некалькі такіх прапаноў, якія мы павінны сёння абмеркаваць, прытрымліваючыся прынцыпу адкрытасці размовы Прэзідэнта з рознымі слаямі насельніцтва", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, неабходна ў ходзе дыскусіі вызначыцца па далейшых дзеяннях, магчыма нестандартных, якія могуць надаць дадатковы імпульс беларускай эканоміцы.

У Беларусі ў пытанні фарміравання напрамкаў развіцця эканомікі і кіравання эканомікай паспрабавалі ўжо розныя метады і падыходы. "І на справе паспрабаваўшы, ведаем, да якіх наступстваў могуць прывесці тыя ці іншыя дзеянні, - сказаў Прэзідэнт. - Але ёсць добрая ад жыцця прымаўка, што ісціна недзе пасярэдзіне. Ёсць кансерватыўны шлях развіцця эканомікі. З іншага боку - ліберальны. У розныя перыяды мы сапраўды карысталіся рознымі метадамі і інструментамі развіцця эканомікі. Але, зыходзячы з таго, што ісціна пасярэдзіне, думаю, мы сёння зможам дамовіцца і знайсці нейкія кампрамісы".

"Нашу эканоміку трэба прарэвізаваць з пункту гледжання чалавечага фактару. Аднак важна, каб крокі, што прымаюцца, не стваралі перадумоў для дэстабілізацыі ў будучым, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Развіццё павінна быць абсалютна збалансаваным. Без валютных узрушэнняў, плацежных крызісаў і іншых негатыўных з'яў, якія мы перажывалі ўжо".

"Калі нехта разлічвае на маштабную эмісію, то маё патрабаванне абсалютна вядомае і зыходзіць з сутнасці эканамічнага развіцця апошніх гадоў: пустых грошай друкаваць не будзем. Неабходна вырашаць усе пытанні ўласнымі сіламі за кошт правільнага эканамічнага рэгулявання і паляпшэння дзелавога клімату", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У многіх удзельнікаў нарады ёсць прапановы аб задзейнічанні дадатковых крыніц эканамічнага росту. Кіраўнік дзяржавы прапанаваў іх абмеркаваць, але адначасова папярэдзіў аб недапушчальнасці адыходу ад генеральнай лініі развіцця дзяржавы і эканамічнай палітыкі. "Галоўны яе пастулат - сацыяльная справядлівасць, павышэнне ўзроўню жыцця людзей, абарона інтарэсаў краіны і кожнага грамадзяніна", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што цяперашняя нарада ў вузкім коле не падмяняе маючай адбыцца размовы на пашыраным пасяджэнні ўрада, якое павінна прайсці ў бліжэйшы час. "Там мы паглядзім, як выконваецца план, які ўрад прапанаваў краіне і які зацверджаны Прэзідэнтам. Паглядзім, як гэты план выкананы за першы год пяцігодкі і якія задзелы створаны на будучае. Сёння мы павінны абмеркаваць нестандартныя меры і дзеянні, якія можам прыняць, каб палепшыць сітуацыю і паскорыць развіццё нашай эканомікі", - рэзюмаваў беларускі лідар.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі