Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
13 лютага 2018, 13:19

Лукашэнка патрабуе ўважліва суадносіць неабходнае і магчымае пры фінансаванні Узброеных Сіл

13 лютага, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Урад павінен уважліва суадносіць неабходнае і магчымае пры фінансаванні Узброеных Сіл. Такое патрабаванне Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка агучыў сёння на пасяджэнні Савета бяспекі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"За апошнія некалькі гадоў была праведзена істотная работа па падтрыманні беларускіх злучэнняў і воінскіх часцей у боегатовым стане. У армію пастаўляюцца найноўшыя распрацоўкі айчыннага і сусветнага ваенпрама, арганізуецца інтэнсіўная баявая падрыхтоўка. Вядома, усё гэта каштуе вялікіх грошай. Ураду трэба ўважліва суадносіць неабходнае і магчымае. Аднак і перабояў у фінансаванні Узброеных Сіл быць не павінна, асабліва адносна ўзбраення і аснашчэння", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым задачай Міністэрства абароны з'яўляецца набыццё самага неабходнага, размеркаванне сродкаў з максімальнай эфектыўнасцю і недапушчэнне "размазвання" грошай. "Папярэджваю міністра абароны, і на гэта мною будзе звернута асаблівая ўвага: усё, што ёсць у арміі (а ў арміі ёсць нямала), пачынаючы ад стралковай зброі, бранятэхнікі і заканчваючы лятальнымі апаратамі і ракетамі, павінна быць у ідэальным стане. Скаргі на тое, што недзе шасцярэнькі ў танку або ў БМП, БТР не хапае або недзе ствол падраны, не прымаюцца. Вы павінны быць сапраўднымі гаспадарамі і берагчы маёмасць: гэта сёння нятанна каштуе, а яна нам вельмі патрэбна", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу, што рэфармаванне Узброеных Сіл не павінна вылівацца ў бясконцы працэс, які падмяняе сабой рэальнае развіццё і ўмацаванне арміі. "Думаю, што праводзімая цяпер праверка Узброеных Сіл дасць магчымасць ацаніць рэальны стан іх баявой гатоўнасці", - дадаў ён.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у краіне прыняты даволі строгія, але своечасовыя меры па развіцці беларускага ваенна-прамысловага комплексу. "Да гэтага часу ў Беларусі ўдалося стварыць, можна так сказаць, крэатыўны кластар у асобе генеральных канструктараў і спецыялістаў ваенных вытворчасцей", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Беларускім спецыялістам, сказаў Прэзідэнт, удалося рушыць наперад у новых для іх галінах: ракетабудаванні, стварэнні сучасных зенітна-ракетных комплексаў, браніраванай тэхнікі. А створаныя імі высокаэфектыўныя віды ўзбраенняў запатрабаваны не толькі ў рэспубліцы, але і на знешніх рынках. "Аднак яшчэ нямала трэба будзе зрабіць. Новыя пакаленні ўзбраенняў, беспілотныя комплексы, радыёэлектронныя сродкі, робататэхніка - гэта няпоўны пералік таго, над чым мы працуем і давядзецца яшчэ працаваць. Патрабуецца і больш актыўнае ўкараненне ў вытворчы цыкл найноўшых распрацовак, скарачэнне тэрмінаў іх давядзення да серыйнага выпуску", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ў міністра абароны і старшыні Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта, якія яшчэ неабходны меры для развіцця Узброеных Сіл і ўмацавання ваеннай бяспекі дзяржавы ў цэлым, якія ёсць праблемныя пытанні, і як яны будуць вырашацца.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі