Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
24 мая 2019, 10:43

Лукашэнка патрабуе прымяняць жорсткія санкцыі да інвестараў за зрыў абавязацельстваў

24 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Да інвестараў, якія зрываюць свае абавязацельствы, неабходна прымяняць жорсткія санкцыі. Гэтага запатрабаваў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час азнаямлення з добраўпарадкаваннем і развіццём тэрыторый, якія прылягаюць да кальцавой аўтадарогі вакол Мінска, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Хачу папярэдзіць: калі з інвестарам дамовіліся, ён павінен выконваць свае абавязацельствы. Калі не - павінны быць жорсткія санкцыі. А то ў нас так: калі не атрымалася, давайце пойдзем да Прэзідэнта - перапрафілюем. Хопіць займацца гэтым перапрафіляваннем. Не зрабіў - будзь ласкавы несці адказнасць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што тэрміны будаўніцтва і знешняга добраўпарадкавання аб'ектаў ні ў якім разе не павінны перавышаць трох гадоў. "Гэта датычыцца і дамоў, і іншых аб'ектаў, якія будуем. Што гэта за справа: вёска як вёска, вуліца як вуліца - не, нейкі інвестар узяў зямлю і развёў будоўлю на пяць-сем гадоў. Машыны туды едуць - пыл, гразь. Гэта ненармальна. Калі ты хочаш пабудаваць дом або які-небудзь аб'ект - калі ласка, вось табе ўчастак, ты падрыхтуйся для таго, каб можна было будаваць (перш за ўсё фінансава), і максімум за тры гады пабудуй аб'ект, добраўпарадкуй. Унутры можаш нават не рабіць - гэта твая справа. Галоўнае, каб знешне было нармальна, добраўпарадкавана і людзям не перашкаджала", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

"Вы навядзіце парадак у Мінску і абласцях. А Анфімаву (старшыня КДК Леанід Анфімаў. - Заўвага БЕЛТА) трэба паглядзець не некаторыя такія даўгабуды і сяго-таго правучыць ці навучыць. Калі яны ўзялі і не хочуць будаваць - канфіскаваць гэтыя ўчасткі, каб непанадна іншым было. Глядзіце, каб у нас не было гэтага гандлю: вы выдзелілі яму ўчастак, ён яго пачынае перапрадаваць і кішэні на гэтым набіваць. Гэтага быць не павінна. Узяў участак - ідзі будуй, не хочаш - вярні назад з пэўнай адказнасцю за тое, што ты не зрабіў таго, для чаго атрымліваў гэты ўчастак. Тут нам трэба наводзіць парадак", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнікі вобласці і горада праінфармавалі Аляксандра Лукашэнку аб развіцці прылеглых да МКАД тэрыторый, будаўніцтве новых аб'ектаў і новых інвестыцыйных праектах. Яны заўважылі, што з боку інвестараў ёсць шэраг парушэнняў, напрыклад, зацягваюцца тэрміны будаўніцтва або яно наогул прыпыняецца. "Як толькі пачалі канфіскацыю ўчасткаў, яны сталі пачынаць будаўніцтва. Мы далі штуршок, і пайшоў рух", - канстатаваў старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка. Ён расказаў кіраўніку дзяржавы аб наяўнасці свабодных пляцовак на тэрыторыі вобласці і магчымых праектах, якія могуць быць рэалізаваны там.

Такія ж праблемы ёсць і ў Мінска. На яго тэрыторыі знаходзяцца 55 пляцовак, на іх з 2014 года пабудавана 10 аб'ектаў, яшчэ 14 будуюцца і 11 праектуюцца. Астатнія патрабуюць карэкціроўкі, у тым ліку з боку гарадскіх улад. "Значыць, гэта ўжо вы вінаватыя ў тым, што запланавалі і не рабілі там нічога, а цяпер прапануеце па-новаму. Гэтага таксама дапускаць нельга", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі