Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
14 жніўня 2019, 15:01

Лукашэнка паразмаўляў з жыхарамі Касцюковічаў і расказаў аб прычынах прыезду

14 жніўня, Касцюковічы /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на заканчэнне рабочай паездкі ў Касцюковіцкі раён, дзе разглядаліся перспектывы далейшага развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці, паразмаўляў з жыхарамі райцэнтра, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Асаблівы акцэнт кіраўнік дзяржавы зрабіў на адказнасці кожнага паасобку за будучыню свайго горада і раёна. Дзяржава ў сваю чаргу будзе аказваць падтрымку, але толькі там, дзе гэта сапраўды неабходна. "Усё залежыць ад нас. Цяпер так шалёна арганізавана жыццё - ляціць, як кур'ерскі поезд і самалёт, як толькі ты адстаў - цябе затапталі, і ніхто не паглядзіць, і мы застанемся ў хвасце. Нельга гэтага дапусціць. Пакуль у нас ёсць усё для таго, каб жыць дастойна. Будзеце працаваць - і я, і ўрад, усе, хто ёсць у краіне, падставім плячо. Калі вы захочаце, - заявіў беларускі лідар. - Я ўпэўнены, што пераважная большасць людзей як у Касцюковічах, так і іншых раёнах - гэта людзі, якія хочуць жыць, гадаваць дзяцей".

"Нельга загубіць гэту тэрыторыю", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Жыхары Касцюковічаў сустракалі кіраўніка дзяржавы каля райвыканкама, дзе праходзіла нарада па развіцці ўсяго паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці. Нехта з людзей выказваў удзячнасць за ўжо зробленае за апошнія гады, іншыя звярталіся з асабістымі просьбамі. Адна з жанчын нават падарыла кіраўніку дзяржавы напісаныя ёю кнігі.

"Аляксандр Рыгоравіч, я расіянін, пенсіянер. Вашы пенсіянеры жывуць лепш за расійскіх", - выказаў меркаванне ўдзельнік сустрэчы.

"Дзякуй вам за гэту ацэнку. Я прыехаў для таго, каб яшчэ лепш жылі. І ў нас усё для гэтага ёсць!" - адрэагаваў кіраўнік дзяржавы.

Адзін з жыхароў раёна папрасіў звярнуць увагу на развіццё паўднёва-ўсходняга рэгіёна вобласці, чаму якраз і была прысвечана рабочая паездка Прэзідэнта.

"Вялікі дзякуй за прыезд. А яшчэ вялікі дзякуй за тое, што вы патрабуеце. Не будзе вашай патрабавальнасці - не будзе нашай Беларусі, - сказаў яшчэ адзін мясцовы жыхар. - Адзіная рэспубліка наша без канфліктаў, без баёў, жыве спакойна. Працуем".

Аляксандр Лукашэнка даручыў па ўсіх абазначаных пытаннях дэталёва разабрацца і далажыць яму аб рэзультатах, але ў самым пачатку падрабязна расказаў аб прычынах прыезду. "Чатыры гады таму было маё даручэнне - паўднёва-ўсходні рэгіён Магілёўскай вобласці давесці да добрага ўзроўню. Мінула чатыры гады. Я хацеў асабіста паглядзець, як выконваецца праграма", - растлумачыў ён.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, прамежкавы кантроль паказвае, што пакуль праграма рэалізуецца дрэнна. "Пачынаецца сур'ёзны жым па выкананні гэтай праграмы. Мы яе актуалізуем, вызначымся, што трэба пабудаваць у гэтых сямі раёнах, каб людзі працавалі, мелі дастойную зарплату, хаця б на ўзроўні сярэдняй па краіне - у памеры Br1 тыс.", - сказаў Прэзідэнт.

Увага будзе ўдзелена і вырашэнню жыллёвых пытанняў, але ў першую чаргу ў прывязцы да стварэння працоўных месцаў, развіцця вытворчасцей. І, як вынік, сацыяльнай сферы - ахова здароўя, дзіцячыя сады і гэтак далей.

"Мы дамовіліся. І зрухі будуць ужо ў бягучым і наступным гадах. Думаю, вы іх убачыце", - заявіў беларускі лідар.

Нараўне з гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тыя пытанні, якія залежаць выключна ад саміх людзей, у прыватнасці, пытанне дысцыпліны, выканання закону. "Расхлябанасць насельніцтва надзвычайная. Не хачу сказаць, што ўсе дрэнныя. Але крадзяжы працвітаюць. Мне нават сорамна як Прэзідэнту аб гэтым казаць. Прытым крадуць усё, пачынаючы ад дызельнага паліва і бензіну. Нядаўна выявілі: адразу з поля збожжа вязуць дадому. Сталі нахабнымі да такой ступені, што нават не хаваюцца. Бяруць, як сваё. Вось гэта мы павыкарчоўваем з коранем", - запэўніў Прэзідэнт.

"Не будзе дысцыпліны, арганізаванасці - мы ніводную праблему не вырашым. Калі вы хочаце, каб было лепш тут, а тут павінна быць лепш (у вас цудоўнае месца для жыцця)... Выдатныя працавітыя людзі! Трэба даць ім магчымасць працаваць і зарабляць. А тых, хто перашкаджае, тых мы да прытомнасці прывядзём", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі