Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
10 жніўня 2018, 16:49

Лукашэнка папракае Расію ў нядобрасумленнай канкурэнцыі

10 жніўня, Гомель /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка папракае Расію ў нядобрасумленнай канкурэнцыі і невыкананні абавязацельстваў у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза. Аб гэтым ён заявіў сёння, наведваючы ААТ "Гомсельмаш", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Я хачу захаваць "Гомсельмаш". У нас цяпер цяжкі перыяд - расіяне паводзяць сябе па-варварску ў адносінах да нас, публічна аб гэтым кажу. Яны ад нас патрабуюць нечага, як быццам мы васалы ў іх, а ў рамках ЕАЭС, куды яны нас запрасілі, яны выконваць свае абавязкі не хочуць. Вось яны і ствараюць неканкурэнтную сітуацыю", - заявіў беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Расіі папракаюць амерыканцаў і Захад у стварэнні "неканкурэнтнай перавагі". "А самі ж яны для нас такія ж неканкурэнтныя ствараюць умовы. Гэта яшчэ тэма нашай размовы з Прэзідэнтам Расіі. Але мы павінны працаваць у тых умовах, у якіх сёння існуем", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Гэту тэму Аляксандр Лукашэнка закрануў і ў час размовы з работнікамі прадпрыемства. "Галоўнае - мы павінны два-тры гады вытрымаць. На нас будзе вельмі моцны націск з боку канкурэнтаў. Мы заціснуты з Захаду рознымі "клаасамі-лексіёнамі" і г.д., і мы заціснуты, на жаль, з Усходу нашым старэйшым братам, які паводзіць сябе ў канкурэнцыі нядобрасумленна. Яны "Растсельмаш" свой усяляк падтрымліваюць, субсідзіруюць, парушаючы нашы дамоўленасці ў Еўразійскім эканамічным саюзе. Гэта няправільна, несправядліва, і гэту праблему мы не здымаем з парадку дня беларуска-расійскіх перагавораў на ўзроўні ўрадаў і нават прэзідэнтаў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што будуць прыкладацца намаганні для стварэння аднолькавых канкурэнтных умоў. "Мы, наколькі можам, падтрымаем ваша прадпрыемства. Але вы, калі ласка, хутчэй працуйце. Нам трэба два-тры гады вытрымаць у гэтай нядобрасумленнай канкурэнцыі і перасягнуць сваіх сапернікаў (іх мой сябар Прэзідэнт Расіі называе партнёрамі, а я называю нашымі як мінімум сапернікамі)", - заявіў беларускі лідар.

Ён выказаў упэўненасць, што ў існуючых умовах прадпрыемству ўдасца не проста выстаяць, але і перасягнуць сваіх канкурэнтаў. У сувязі з гэтым ён асабліва акцэнтаваў увагу на неабходнасці далейшага паляпшэння якасці прадукцыі, павышэння яе надзейнасці, на распрацоўцы розных навінак, якія будуць запатрабаваны не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі, пошуку новых рынкаў збыту і крыніц забеспячэння ўстойлівай работы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі