Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
18 ліпеня 2019, 18:40

Лукашэнка на форуме ў Санкт-Пецярбургу гаварыў аб супрацоўніцтве, агульнай гісторыі, моладзі і інтэграцыі

18 ліпеня, Санкт-Пецярбург /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выступіў на пленарным пасяджэнні VI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. У сваёй прамове кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на ўзаемадзеянні Беларусі і Расіі ў розных галінах, асабліва па лініі гуманітарнага супрацоўніцтва і рэгіянальных сувязей, адзначыў агульнасць гісторыі народаў дзвюх краін, падкрэсліў важнасць эфектыўнай маладзёжнай палітыкі і выказаўся на тэму інтэграцыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Выступленню кіраўніка беларускай дзяржавы на форуме папярэднічала прамова Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. "Калі маё выступленне ў нечым паўторыць тэзісы Прэзідэнта Расіі, гэта не плагіят. Гэта сведчыць аб тым, што мы часам аднолькава думаем. Я шчыра рады магчымасці сустрэцца з вамі ў культурнай сталіцы Расіі - у слаўным, любімым мною Ленінградзе (Санкт-Пецярбургу)", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Гэта таксама супадае, Аляксандр Рыгоравіч", - заўважыў расійскі лідар.

Аўдыторыя вітала гэты дыялог апладысментамі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што выказаўся аб сваёй любові да Санкт-Пецярбурга не дзеля таго, каб дагадзіць Прэзідэнту Расіі, які, як вядома, нарадзіўся ў гэтым горадзе. Кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў, што жыхары Беларусі і ленінградцы пацярпелі ў гады Вялікай Айчыннай вайны больш за іншых. "Увесь цяжар гэтай вайны мы вынеслі на сваіх плячах. І Санкт-Пецярбург, які цяпер адрадзіўся (я ўчора Уладзіміру Уладзіміравічу пра гэта гаварыў), ён мяне проста ўражвае. Вы малайцы, што адрадзілі гэты горад і прадаўжаеце яго магутнае станаўленне. Вось чаму я з такой павагай, дабрынёй і любоўю стаўлюся да гэтага святога горада", - дадаў Прэзідэнт Беларусі.

Аб культурнай інтэграцыі і ўкладзе беларускай дыяспары

Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў, што месцам сёлетняга Форуму рэгіёнаў быў выбраны Санкт-Пецярбург - культурная сталіца Расіі. "З моманту свайго заснавання па волі Пятра Першага і да гэтага дня горад з'яўляецца цэнтрам падзей, непарыўна звязаных з гісторыяй Расіі і нашай Айчыны. Гісторыяй, у якой сваю значную ролю адыгралі і выхадцы з Беларусі. Усе, хто ў розныя гады тут вучыўся і працаваў", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

"Санкт-Пецярбург заўсёды быў месцам прыцяжэння для творчых людзей з розных гарадоў і дзяржаў: архітэктараў, музыкантаў, вучоных, мастацтвазнаўцаў, пісьменнікаў і паэтаў, - дадаў Прэзідэнт. - Дарэчы, самы вялікі ўклад у аднаўленне поўнасцю разбуранага Мінска ўнеслі піцерцы, асабліва архітэктары, вучоныя. Менавіта ленінградцы адыгралі вялікую ролю ў адраджэнні цяперашняй навукі ў Беларусі. Мы гэта свята шануем і помнім".

"Гаворачы сучаснай мовай, горад выконваў і выконвае цяпер функцыю культурнай інтэграцыі нашых краін і народаў. Таму нядзіўна, што гэты горад з яго багатай гісторыяй і векавымі традыцыямі натуральным чынам вызначыў парадак нашай сённяшняй сустрэчы. Яна прысвечана тэме адзінай культурнай і гуманітарнай прасторы нашых народаў у кантэксце міжрэгіянальных кантактаў", - сказаў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, сучасныя беларуска-расійскія сувязі ў гэтых галінах характарызуюцца асаблівай шырынёй, разнастайнасцю і вялікай колькасцю маштабных мерапрыемстваў. Каля сямідзесяці суб'ектаў Расійскай Федэрацыі заключылі пагадненні аб двухбаковым супрацоўніцтве ў сферы культуры з усімі абласцямі Беларусі. Праводзяцца міжнародныя фестывалі мастацтваў, вялікія мастацкія выстаўкі, міжнародныя тэатральныя і кінафорумы, Дні культуры рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

"Немалы ўклад у развіццё культурных, гуманітарных сувязей уносяць беларусы, якія жывуць у Расіі. Тут дзейнічаюць больш за дваццаць беларускіх нацыянальных аўтаномій. Каля васьмідзесяці грамадскіх арганізацый беларусаў, культурна-асветных таварыстваў, цэнтраў і зямляцтваў падтрымліваюць цесныя сувязі з гістарычнай радзімай, прадстаўляюць у Расіі нацыянальныя культурныя і духоўныя традыцыі, родную мову", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Шырокае развіццё атрымала і адраснае супрацоўніцтва грамадскіх арганізацый беларусаў у Расіі з гарадамі і раёнамі Беларусі.

Аб узаемадзеянні ў адукацыі і навуцы

Кіраўнік дзяржавы адзначыў умацаванне супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў галіне адукацыі. Існуючая нарматыўна-прававая база (больш за 1,3 тыс. дагавораў, заключаных на розных узроўнях) забяспечвае аднолькавыя магчымасці для беларусаў і расіян у атрыманні адукацыі, у тым ліку ў вядучых ВНУ абедзвюх дзяржаў. Больш за 11 тыс. беларускіх грамадзян навучаюцца ў расійскіх інстытутах, акадэміях і ўніверсітэтах і больш за 1,5 тыс. грамадзян Расіі атрымліваюць адукацыю ў Беларусі, прывёў даныя Аляксандр Лукашэнка.

"У фарміраванні адзінай саюзнай адукацыйнай прасторы важную ролю адыгрывае Беларуска-Расійскі ўніверсітэт у Магілёве. Паспяхова працуе ў Мінску філіял Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта эканомікі, статыстыкі і інфарматыкі. Дзякуючы дзейнасці Саюзнай дзяржавы ў сталіцы Беларусі адкрыты філіял Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта", - адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама канстатаваў, што беларуска-расійскае навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва традыцыйна было і застаецца інтэнсіўным у розных сектарах: асваенні космасу, інфармацыйных тэхналогіях, сельскай гаспадарцы, вытворчасці матэрыялаў і прыбораў.

"Тут прыгадалі атамную станцыю, гаварылі пра асваенне касмічнай прасторы. Гэта наша такая прагматычная мэта - падцягнуцца за старэйшым братам (тое, што ён добра ўмее) і навучыць саміх беларусаў гэтым кампетэнцыям. І прыкладам таго з'яўляецца атамная станцыя, якая сёння будуецца пад кіраўніцтвам расійскіх спецыялістаў, але дзе ў пераважнай большасці працуюць беларусы, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - У якасці самых перспектыўных для далейшага супрацоўніцтва мы разглядаем такія высокаінтэлектуальныя напрамкі, як нанаматэрыялы, радыёэлектроніка, а таксама найбольш запатрабаваныя напрамкі медыцынскай навукі, чым моцная Беларусь яшчэ з савецкіх часоў".

Аб гістарычнай сувязі і агульнай памяці

Паводле слоў кіраўніка беларускай дзяржавы, сувязі на ўзроўні рэгіёнаў Беларусі і Расіі складваліся дзесяцігоддзямі і шмат у чым вызначаны агульнасцю гісторыі і чалавечых лёсаў. "Беларусы і расіяне прайшлі праз многія выпрабаванні і разам з гонарам іх вытрымалі!" - падкрэсліў беларускі лідар.

"Нам няма чаго саромецца за сваю гісторыю. Мы яе павінны свята аберагаць. Таму што гэта наш найвялікшы здабытак. Калі нас на Захадзе крытыкуюць, раней больш, цяпер крыху менш - я ім гавару: вы яшчэ з намі не разлічыліся за тую апошнюю вайну, якая спароджана была вамі на нашай тэрыторыі, а мы яшчэ ад той цяжкай вайны за сем дзесяцігоддзяў не аднавіліся; таму акуратней з правамі чалавека, дэмакратыяй і іншай крытыкай, якую мы чуем часам неабгрунтавана ў наш адрас", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

"Тут, на гераічнай ленінградскай зямлі, яшчэ раз хачу сказаць: для нас, беларусаў, памяць аб той вайне свяшчэнная, - падкрэсліў беларускі лідар. - У гэтым годзе мы падышлі да чарговага гістарычнага рубяжа - 75-годдзя зняцця блакады Ленінграда і вызвалення Беларусі. А наступны год нас аб'яднае ў святкаванні свяшчэннай і блізкай для кожнага савецкага чалавека даты - 75-годдзя Вялікай Перамогі".

Аляксандр Лукашэнка назваў гэтыя гістарычныя вехі важнымі для яднання беларусаў і расіян, умацавання ідэалагічных асноў Саюзнай дзяржавы. "Удзельнікаў і відавочцаў тых трагічных і слаўных падзей засталося не так шмат, але мы шчаслівыя, што яны побач з намі. Менавіта яны з'яўляюцца носьбітамі сапраўднай гісторыі, якую сёння спрабуюць перапісаць. Расказы з першых вуснаў - лепшы спосаб абараніць і перадаць наступным пакаленням памяць аб нашым агульным гераічным мінулым. Сучасная моладзь павінна ведаць, каму мы абавязаны сваім жыццём, свабодай і незалежнасцю", - упэўнены Прэзідэнт.

Ён акцэнтаваў увагу, што на гэтых асноватворных каштоўнасцях, адзіных для народаў дзвюх краін, трэба фарміраваць светапогляд падрастаючага пакалення.

Аб уключэнні моладзі ў будаўніцтва Саюзнай дзяржавы

"Жыццяздольнасць нашага інтэграцыйнага праекта будзе залежаць ад ступені ўключэння моладзі ў будаўніцтва Саюзнай дзяржавы. І тая святая справа, якую вы сёння ажыццяўляеце тут, на піцерскай зямлі, заслугоўвае, Валянціна Іванаўна (Мацвіенка) і Міхаіл Уладзіміравіч (Мясніковіч), найвялікшай павагі, падтрымкі і заахвочвання. Неабходна падтрымліваць ініцыятывы маладзёжных аб'яднанняў па арганізацыі фестываляў, конкурсаў, выставак, іншых мерапрыемстваў не толькі ў сталіцах, але і ў рэгіёнах", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

У якасці добрага прыкладу ён назваў штогадовую алімпіяду школьнікаў Саюзнай дзяржавы "Беларусь і Расія: гістарычная і духоўная агульнасць", у якой прымаюць удзел дзясяткі каманд з суб'ектаў Расійскай Федэрацыі. "У бягучым годзе больш за 250 удзельнікаў беларускіх і расійскіх студэнцкіх атрадаў працуюць на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі ў Астраўцы, дзе мы сумесна рэалізуем маштабны праект па ўзвядзенні Беларускай АЭС. Менавіта такія прыклады ўзаемадзеяння маладзёжных арганізацый трэба выкарыстоўваць для фарміравання пазітыўнай інфармацыйнай прасторы. Своечасовыя і якасныя матэрыялы нашых СМІ павінны цалкам перакрыць поле дзейнасці непрафесійных і сумніўных крыніц", - прадоўжыў беларускі лідар.

Аб сумесных спартыўных мерапрыемствах

Прэзідэнт звярнуў увагу, што як у Беларусі, так і ў Расіі ўдзяляецца пільная ўвага спорту, папулярызацыі фізічнай культуры сярод моладзі. З 2003 года праводзіцца Спартакіяда Саюзнай дзяржавы для дзяцей і юнацтва - комплекснае мерапрыемства, якое ўключае як алімпійскія, так і неалімпійскія віды спорту.

"Мы прымаем на высокім узроўні самыя маштабныя міжнародныя спартыўныя спаборніцтвы. Гэта паспяхова праведзены Расіяй чэмпіянат свету па футболе 2018 года і ІІ Еўрапейскія гульні 2019 года, якія літаральна месяц таму прайшлі ў Беларусі, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Як на чэмпіянаце свету ў Расіі расійская зборная праславіла сваю краіну, так і на еўрапейскай алімпіядзе ў гэтым годзе Расія стала пераможцай і тым самым паказала, што ў Расіі ёсць не толькі рэзервы, а што Расія чыстая ў спорце і можа свабодна перамагаць. І гэта вы даказалі, не забывайце, у Мінску. Дарэчы, на допінг правяралі ўсіх строга. Ні ў вас, ні ў нас ніводнага выпадку. Гэта аб'ектыўныя факты".

"Магчыма, нам варта падумаць аб правядзенні такіх спаборніцтваў у рамках адзінай заяўкі Беларусі і Расіі з фінансаваннем за кошт бюджэту Саюзнай дзяржавы. Гэта дазволіць стымуляваць развіццё турыстычнай галіны ў нашых краінах".

Аб сутнасці інтэграцыі

Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні нагадаў, што ў снежні бягучага года краіны адзначаць 20-годдзе падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. "За мінулы час для забеспячэння роўнасці правоў грамадзян нашых краін зроблена нямала. Сёння ўрадавыя групы актыўна працуюць над паглыбленнем інтэграцыі і прыярытэтамі сумеснага развіцця. У нас з Уладзімірам Уладзіміравічам (Пуціным) ёсць прынцыповыя дамоўленасці ў гэтым плане", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, ёсць шэраг канкрэтных істотных пытанняў, якія закранаюць інтарэсы суб'ектаў гаспадарання і грамадзян Беларусі і Расіі. "Вырашыць іх неабходна ў бліжэйшы час. Мы напружана працавалі над гэтымі пытаннямі і прыйшлі да прынцыповых пагадненняў, аб якіх раскажам крыху пазней", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што цяпер тысячы беларускіх і расійскіх прадпрыемстваў звязаны вытворчай кааперацыяй. "І ў Беларусі гэта - усвядомленая палітыка, - заўважыў беларускі лідар. - У Беларусі амаль 2,5 тыс. арганізацый з расійскім капіталам, а кожная другая кампанія з беларускім капіталам за мяжой знаходзіцца ў Расіі".

"Стаіць задача захаваць і прымножыць дасягнутыя пазітыўныя вынікі работы ў эканамічнай сферы. Прыкладны характар нашых дамоўленасцей на вышэйшым узроўні праяўляецца ў развіцці супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі. Наогул кіраўнікам рэгіёнаў трэба падзякаваць. Я часта пра гэта гавару: не было б вас, сёння пра саюз Беларусі і Расіі і размоў не было б. Менавіта вы ў свой час выратавалі гэты праект. І мы абавязаны сёння ўжо на новым этапе нашага развіцця зрабіць усё, каб гэты праект не проста захаваць, а прымножыць, аб чым мы сёння з Прэзідэнтам і гаварылі", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што гэта карпатлівая і адрасная работа ўзбагачае двухбаковае супрацоўніцтва, прыносіць народам краін упэўненасць у заўтрашнім дні. "У гэтым і ёсць сутнасць інтэграцыі: клапоцячыся пра жыццёвыя інтарэсы сваіх грамадзян, аб'яднаць намаганні для дасягнення сацыяльна-эканамічнага прагрэсу абедзвюх дзяржаў", - рэзюмаваў беларускі лідар.

Пасля заканчэння форуму адбылася кароткая размова з удзелам Аляксандра Лукашэнкі, Уладзіміра Пуціна і кіраўніка палітсавета ўкраінскай партыі "Апазіцыйная платформа - За жыццё" Віктарам Медзведчуком, які таксама знаходзіўся ў гэты дзень у Санкт-Пецярбургу і сустракаўся з расійскім лідарам.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі