Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
11 чэрвеня 2019, 16:07

Лукашэнка: міліцыю трэба крыху ўзварухнуць у плане дысцыпліны

11 чэрвеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным звярнуць увагу на пытанні дысцыпліны ў органах унутраных спраў. Аб гэтым ён заявіў сёння, назначаючы Юрыя Караева на пасаду кіраўніка МУС, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Шчыра кажучы, міліцыю трэба крыху ўзварухнуць у плане дысцыпліны. Ну а для гэтага які патрэбны чалавек - ваенны. Хоць вы адносна ваенны чалавек, вы і міліцыю добра ведаеце. Вы там былі ўнутры, вы бачылі гэтыя праблемы. А ўвогуле, таму, чаго не ведаеце, навучыцеся", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Даючы наказ Юрыю Караеву, кіраўнік дзяржавы выказаў пажаданне, каб ён быў цвёрдым, рашучым, у меру жорсткім і разам з тым паважаў людзей. "Той, хто заслугоўвае, каб яго падтрымалі і нават п'янага дадому адвезлі - так трэба і зрабіць. Той, хто заслугоўвае па галаве або па мордзе, - павінен атрымаць. Усё павінна быць сумленна і справядліва, - сказаў Прэзідэнт. - Гэта ваш прынцып работы. І дысцыпліна. Адзінае, я вас проста прашу: не заседжвайцеся на месцы тут, у Мінску. Больш бывайце ў падраздзяленнях. Абавязкова трэба пабыць ва ўсіх абласных упраўленнях унутраных спраў. Ну і ў гарадах - вялікіх, раённых".

Гаворачы аб назначэнні Юрыя Караева на пасаду міністра, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што прыняў гэта рашэнне напярэдадні, прычым на безальтэрнатыўнай аснове. "Я вызначыўся яшчэ раней: калі пра вас ішла размова, калі я ў вас быў. Я не проста так да вас прыехаў тады. І я зразумеў, што вы можаце ў перспектыве быць міністрам або займаць больш высокую пасаду. Гэта калі вяртацца да тых часоў, калі я наведваў ваша падраздзяленне", - расказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што такія кадравыя перастаноўкі не бываюць раптоўнымі. "Зразумела, што я як Прэзідэнт бачыў пэўныя тэндэнцыі ў кадравых змяненнях у сілавых структурах. І тады я вызначыўся, што Юрый Хаджымуратавіч можа нам спатрэбіцца на канкрэтнай рабоце", - дадаў ён.

Кіраўнік дзяржавы пры гэтым падкрэсліў, што хоць Юрый Караеў і ваенны чалавек у структуры органаў унутраных спраў, гэта міліцыі цяпер якраз і трэба. Гэта ў тым ліку звязана з тым, што функцыя следства раней была перададзена са сферы адказнасці міліцыі. "Ёсць Следчы камітэт. Што ў міліцыі засталося - фактычна кожны дзень баявая работа - што грамадскі парадак, што барацьба з бандытамі - крымінальная міліцыя, што АМАП і ваенны складнік", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў і асабістыя якасці Юрыя Караева: "Я наогул не люблю нацыянальныя нейкія прыкметы падкрэсліваць, але каўказцы для мяне людзі асаблівыя. Яны і добра да мяне там ставяцца, хоць мяне ні разу, можа, не бачылі. Гэта моцныя людзі. І я гэты фактар не скідаю з рахунку".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі