Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
19 кастрычніка 2018, 14:45

Лукашэнка: імкненне моладзі атрымаць адукацыю за мяжой непакоіць

19 кастрычніка, Гродна /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Імкненне беларускай моладзі атрымаць вышэйшую адукацыю за мяжой непакоіць і патрабуе ўвагі з боку дзяржавы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў час размовы са студэнтамі гродзенскіх ВНУ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Ёсць яшчэ тэма, якая патрабуе ўвагі дзяржавы, і яна непакоіць, - гэта імкненне маладых людзей атрымаць вышэйшую адукацыю за мяжой", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, гэта пытанне непакоіць нават не толькі з таго пункту гледжання, што людзі хочуць вучыцца за мяжой. "Горш, калі таленавітыя маладыя людзі, па-першае, паедуць за мяжу, атрымаўшы адукацыю тут, а па-другое, калі яны там атрымаюць адукацыю і там застануцца, - растлумачыў ён. - Я вас не агітую за тое, каб вы кудысьці ехалі ці не ехалі. Калі вы ўжо задумалі, то, напэўна, паедзеце або атрымаеце тут адукацыю і будзеце там працаваць. Гэта ваша справа. Але мая вам парада - не спяшайцеся, спачатку разбярыцеся, дзе вам лепш".

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што трапіць у вышэйшы эшалон грамадства за мяжой немагчыма. "Вы заўсёды будзеце там чужымі людзьмі, другога сорту, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Дзве тысячы чалавек, якія атрымліваюць там адукацыю, і, можа, палова з іх застаецца, - гэта не праблема для дзяржавы. Але ўсё роўна я як Прэзідэнт хацеў бы, каб нашы маладыя людзі атрымлівалі адукацыю і працавалі тут".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі