Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
16 сакавіка 2017, 10:43

Лукашэнка: Беларусь прыхільная да асноўных прынцыпаў дзейнасці АБСЕ

16 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь прыхільная да асноўных прынцыпаў дзейнасці АБСЕ. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы са старшынёй Парламенцкай асамблеі АБСЕ Крысцін Мутонен, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Ваш візіт вельмі важны для нас. Мы вам удзячны за той давер, які аказаны Беларусі ў плане правядзення сесіі Парламенцкай асамблеі. Нам сапраўды трэба абмеркаваць многія пытанні. Я хачу вам сумленна і адкрыта сказаць, што мы зробім усё, каб гэта была лепшая ў сваёй гісторыі такая сесія. Мы хочам гэтым прадэманстраваць, што Беларусь прыхільная да асноўных прынцыпаў дзейнасці АБСЕ", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Мы гэта прадэманструем усяму свету, і перш за ўсё, дэпутатам, прадстаўнікам іншых краін, якія ўваходзяць у гэту арганізацыю. Мы пакажам яшчэ раз, што тыя прадузятыя думкі, якія на Захадзе існуюць, а асабліва існавалі, з'яўляюцца надуманымі. Што Беларусь - гэта еўрапейская краіна. І што тут і правоў чалавека, і вяршэнства закону, і дэмакратыі ніколькі не менш, чым у іншых дзяржавах Еўропы, у тым ліку Еўрасаюза", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён запэўніў, што рашэнне правесці штогадовую сесію ПА АБСЕ ў Беларусі не было памылковым. "Сітуацыя ў Беларусі адносна спакойная на фоне тых падзей, якія развіваюцца ў свеце. І я вам абяцаю, што сітуацыя будзе такой жа напярэдадні, у час і пасля правядзення гэтага мерапрыемства", - дадаў беларускі лідар.

У сваю чаргу Крысцін Мутонен адзначыла, што маючая адбыцца сесія ПА АБСЕ вельмі важна і мае вялікае значэнне для развіцця ўзаемасувязей паміж народамі. "Учора ў нас адбыліся вельмі плённыя перагаворы. І я ўпэўнена, што ўсё неабходнае ўжо зроблена і яшчэ будзе рабіцца для таго, каб асамблея прайшла паспяхова", - сказала яна.

Як паведамлялася, 1 ліпеня 2016 года ў ходзе 25-й штогадовай сесіі ПА АБСЕ аднагалосна было прынята рашэнне аб правядзенні чарговай 26-й штогадовай сесіі Асамблеі ў Мінску з 5 па 9 ліпеня 2017 года. Створаны Рэспубліканскі арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы і правядзенні 26-й штогадовай сесіі ПА АБСЕ з удзелам кіраўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, іншых арганізацый.

З Міжнародным сакратарыятам ПА АБСЕ ўзгоднена агульная тэматыка 26-й штогадовай Асамблеі - "Умацаванне ўзаемнага даверу і супрацоўніцтва ў імя міру і працвітання ў рэгіёне АБСЕ".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі