Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
08 лістапада 2017, 10:58

Лукашэнка: Беларусь прадоўжыць падтрымку дзейнасці МКЧК

8 лістапада, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларусь прадоўжыць падтрымку дзейнасці Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў час сустрэчы з прэзідэнтам МКЧК Петэрам Маўрэрам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў значнасць таго, што гэта першы візіт Петэра Маўрэра ў Беларусь як кіраўніка Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа. "Гэты візіт павінен быць значным і сімвалізаваць той факт, што нашы адносіны павінны ўзняцца на больш высокі ўзровень", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Наша сённяшняя работа па далейшым адкрыцці офіса прадстаўніцтва МКЧК шмат аб чым сведчыць, і мы гэта вельмі высока цэнім, - заўважыў Прэзідэнт. - Гэта будзе новай старонкай у нашых адносінах, часцінкай, якая дабавіць у іх больш перспектыў і больш надзей".

На думку Аляксандра Лукашэнкі, Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа ажыццяўляе "самую вялікую місію ў свеце з усіх міжнародных арганізацый". "Вы заўсёды побач з тымі людзьмі, якія трапілі ў бяду, вы аказваеце ім гуманітарную дапамогу або выступаеце пасрэднікам, дзе гэта толькі магчыма, па аказанні гуманітарнай дапамогі, вы дапамагаеце шукаць людзей, якія трапілі ў бяду і прапалі. І ажыццяўляеце многія іншыя напрамкі ў гэтым плане, - канстатаваў кіраўнік дзяржавы. - Таму гэта найвялікшая дзейнасць, якую мы вітаем і заўсёды будзем падтрымліваць, і вы на нас можаце разлічваць".

Разам з гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на той факт, што Беларусь таксама імкнецца ўсяляк дапамагчы тым, хто ў гэтым мае патрэбу. Так, на працягу ўкраінскага крызісу Беларусь прыняла ў сябе каля 150 тыс. бежанцаў з гэтай краіны, забяспечыўшы іх усім неабходным. "Фактычна паставілі ўпоравень нашых украінскіх братоў з беларусамі. Як вы разумееце, гэта ўсё нам каштавала значных затрат, але мы іх не лічым, паколькі людзі трапілі ў бяду. Тут затраты наўрад ці маюць які-небудзь падлік", - адзначыў Прэзідэнт.

Ён таксама нагадаў, што беларусы ніколі не былі ўбаку ад вайны ў Сірыі. "Мы аказвалі і аказваем гуманітарную падтрымку сірыйскаму народу, асабліва дзецям, выпрацавана праграма аздараўлення сірыйскіх дзяцей у Беларусі. Мы ў гэтым напрамку і ў далейшым будзем дзейнічаць", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Закранаючы перспектывы супрацоўніцтва Беларусі з МКЧК у цэлым, кіраўнік дзяржавы заявіў, што беларускі народ, які за сваю гісторыю зведаў нямала бедстваў, і ў далейшым будзе займаць канструктыўную лінію ў міжнароднай гуманітарнай дзейнасці. "Наш народ за ўсю сваю гісторыю нацярпеўся. Мы былі міжвольнымі ўдзельнікамі ўсіх войнаў і канфліктаў, што праходзілі па Еўропе, асабліва з захаду на ўсход. Мы ведаем цану жыцця і чаго каштуе вайна. Таму мы заўсёды адклікаемся на крык людзей, якія трапілі пад бамбёжкі", - заявіў Прэзідэнт Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі