24 мая, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Беларусь не з Расіяй супраць Еўропы і не з Еўропай супраць Расіі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на міжнароднай экспертнай канферэнцыі "Усходняя Еўропа: у пошуках бяспекі для ўсіх", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Беларусь - суверэнная дзяржава і дакладна ўсведамляе сваё становішча на міжнароднай восі каардынат. Мы не з Расіяй супраць Еўропы і не з Еўропай супраць Расіі і ўсяго Усходу. Для нас у прынцыпе непрымальнае пытанне, з кім мы, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Проста наша становішча дае адказ на гэта пытанне. Мы гэта месца жыхарства беларускага народа не выбіралі - так Бог вызначыў. Адсюль наша і знешняя палітыка, і пазіцыя наогул".
Прэзідэнт звярнуў увагу, што саюзніцкія адносіны Беларусі з Расіяй, арыентацыя на інтэграцыю ў фармаце Еўразійскага эканамічнага саюза ні ў якай меры не ўшчамляюць інтарэсаў краін Еўропы. І наадварот - развіццё адносін з ЕС, ЗША, Захадам не супярэчыць дынаміцы цеснага ўзаемадзеяння на Усходзе, а служыць стварэнню зоны даверу.
"Знешнепалітычныя ініцыятывы Беларусі шырока і абсалютна вядомыя. Гэта пашырэнне ідэй партнёрства інтэграцыйных аб'яднанняў у Вялікай Еўропе, абнаўленне агульнаеўрапейскага дыялогу па ўмацаванні бяспекі і супрацоўніцтва. Яны з'яўляюцца лагічным адлюстраваннем аб'яднальнага парадку дня, які Мінск прапануе іншым членам сусветнай супольнасці", - сказаў кіраўнік дзяржавы.-0-