Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
06 верасня 2019, 15:42

Лукашэнка: Беларусь магла б сумесна з Расіяй або Украінай правесці і Алімпіяду

6 верасня, Брэст /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусь магла б сумесна з Расіяй або Украінай правесці і Алімпіяду. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння журналістам у Брэсце, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў правядзенне ў краіне маштабных спартыўных форумаў, у тым ліку II Еўрапейскіх гульняў, лёгкаатлетычнага матчу Еўропа - ЗША, наперадзе таксама сумесны з Латвіяй чэмпіянат свету па хакеі і іншыя спаборніцтвы.

"Вядома, нам цяжка спаборнічаць з гігантамі (вялікімі краінамі. - Заўвага БЕЛТА), але, дапусцім, з украінцамі або расіянамі мы можам Алімпіяду правесці. Аб'екты пад Алімпійскія гульні ў нас гатовы. Цяпер Нацыянальны футбольны стадыён пабудуем і для водных відаў спорту, застанецца футбол. У Расіі ўся інфраструктура створана пад футбол. Можам з імі прыняць Алімпіяду. І тут у асноўным летнюю правесці - у Беларусі - з дапамогай расіян або ўкраінцаў. У іх ёсць аб'екты, якіх нам не хапае", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што краіне выгадна праводзіць вялікія спартыўныя спаборніцтвы: "Пакрыху мы таксама вучымся. І прымаць гасцей. Гэта не на страту, гэта твар краіны, імідж. Вядучыя каналы купілі правы на трансляцыю з гэтых гульняў (II Еўрапейскіх гульняў. - Заўвага БЕЛТА)".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пры правядзенні II Еўрапейскіх гульняў летам бягучага года былі сэканомлены сродкі. "Нават не ўсё выкарысталі, што выдзялялі. Мы нічога не страцілі. Толькі ў плюс", - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што дзякуючы правядзенню такіх спартыўных форумаў Беларусь імкнецца зарэкамендаваць сябе са станоўчага боку ў якасці краіны-гаспадыні, каб і ў будучым мець магчымасць прымаць такія або нават больш значныя спаборніцтвы. "Без гэтага не было б заўтра ні чэмпіянатаў свету, ні этапаў Кубка свету. Усе ўбачылі, што мы не проста можам іх правесці - мы можам абслужыць людзей, прыняць іх. Людзі з душой паставіліся да гэтага. Адкрытая душа нашых людзей. А следам тысячы, сотні тысяч людзей прыедуць у Беларусь. Гэта турызм, за які мы змагаемся. Мы закладваем добрую аснову для таго, каб да нас прыязджалі, нас любілі, нас паважалі. І каб нашы спартсмены нас радавалі", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі