22 мая, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка арыентуе райвыканкамы на развіццё сферы абслугоўвання. На адпаведныя пытанні кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу сёння, узгадняючы назначэнне старшынь Кобрынскага і Ляхавіцкага райвыканкамаў Міхаіла Грышкевіча і Аляксандра Камінскага, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Трэба даводзіць да ладу прадпрыемствы сэрвісу. Гэта і бытавое абслугоўванне, і швейныя, і цырульні. Каб мы маглі абслугоўваць людзей. Я не кажу ўжо аб гандлі. Вы жывяце ў раёнах, вам давядзецца гэтым займацца", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўсё часцей наведвае раённыя арганізацыі ў час рабочых паездак па краіне. Напрыклад, нядаўна вывучаў стан спраў у Жыткавіцкім раёне. "Шчыра кажучы, мне спадабалася, як там ідуць справы і планы. І вы павінны памятаць, што вы павінны быць гаспадарамі ў раёне, а ў гаспадара павінны быць адпаведныя інструменты і рычагі. Таму я ад вас патрабую, каб у вас была і будаўнічая арганізацыя, райаграсэрвіс. Каб мы аказвалі паслугі не толькі сельскагаспадарчым і прамысловым прадпрыемствам на месцы, але і людзям, насельніцтву", - заявіў беларускі лідар.
Ён таксама звярнуў увагу на сферу сельскай гаспадаркі, якая натуральным чынам знаходзіцца ў цэнтры ўвагі кіраўнікоў у раёнах. "Работа з людзьмі, дысцыпліна і жалезны парадак на месцах, тэхналогіі", - акрэсліў кола задач кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб недапушчальнасці правапарушэнняў. "Мы вельмі строга кантралюем усю вертыкаль улады. Асабліва па выяўленні карупцыі", - сказаў Прэзідэнт.-0-