Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
13 лютага 2018, 11:52

Лукашэнка адзначае заслугі праваахоўнікаў, але не лічыць абстаноўку ў цэлым спрыяльнай

13 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначае заслугі праваахоўнікаў, але не лічыць абстаноўку ў цэлым спрыяльнай. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на пасяджэнні Савета бяспекі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Другое важнае пытанне ў парадку дня пасяджэння - забеспячэнне правапарадку і абароны грамадзян. Гэта ўсё тое, у імя чаго мы жывём і ў імя чаго існуе ўся наша ўлада, - адзначыў Прэзідэнт. - У краіне ўдаецца многае зрабіць для бяспекі людзей. Абароне грамадства і кожнага чалавека ў Беларусі заўсёды надаецца першараднае значэнне. Мы па праву ганарымся, што Беларусь у нас адносна спакойная і бяспечная краіна".

"Сёння выразна прасочваюцца тэндэнцыі зніжэння злачыннасці. За апошнія дзесяць з невялікім гадоў удвая знізіўся ўзровень крыміналізацыі грамадства. Зменшылася колькасць пацярпелых з-за злачынных замахаў, а таксама колькасць дарожна-транспартных здарэнняў. У тры разы менш садзіцца за руль нецвярозых вадзіцеляў, скарачаецца колькасць злачынстваў, учыненых у стане алкагольнага ап'янення", - сказаў Прэзідэнт.

Ён адзначыў важнасць таго, што няўхільна павышаецца раскрывальнасць злачынстваў. Усё радзей у аператыўных зводках фігуруюць падлеткі. Палепшылася абстаноўка на вуліцах гарадоў і ў сельскай мясцовасці. Даволі эфектыўна працуе сістэма па выяўленні і спыненні карупцыі. "Як я ўжо гаварыў, асабліва эфектыўныя тут органы камітэта дзяржаўнай бяспекі, іншым трэба падцягвацца да гэтага ўзроўню", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым, падкрэсліў Прэзідэнт, супакойвацца ні ў якім разе нельга, абстаноўка яшчэ вельмі далёкая ад спрыяльнай.

"У год учыняецца больш за 86 тыс. злачынстваў і амаль 3 тыс. ДТЗ. Штогод ад гэтага гіне каля тысячы чалавек, гэта вельмі шмат, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Прычым у мінулым годзе, нягледзячы на зніжэнне колькасці ДТЗ, колькасць загінулых на дарогах практычна не змянілася, а дзяцей - нават павялічылася".

Выклікае трывогу рост дамашняга насілля, злачыннасці ў быце, адносна непаўналетніх, у тым ліку з выкарыстаннем інтэрнэту. "Трэба разабрацца ў эфектыўнасці работы МУС у гэтай сферы, - запатрабаваў кіраўнік дзяржавы. - Акрамя гэтага, праваахоўнікі бадзёра рапартуюць, што, маўляў, не за гарамі перамога над наркаманіяй. Аднак на граніцы затрымліваюцца тоны наркотыкаў, пры гэтым пераважная колькасць крымінальных спраў узбуджаецца за дзясятыя і сотыя долі грамаў. Прыцягваюць да адказнасці за ўсялякую дробязь, а чаму не ловяць буйных наркагандляроў?"

І ў дапаўненне да ўсяго - з году ў год павялічваецца колькасць загінулых ад атручэння сурагатамі алкаголю. Прэзідэнт хацеў бы пачуць, якія меры прымаюццца для папярэджання і спынення трапляння фальсіфікаванага алкаголю на ўнутраны рынак. На яго думку, "гэту барацьбу трэба прыраўноўваць да барацьбы з самай страшэннай заразай і атрутай".

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што апошнім часам "усе сацыялагічныя апытанні сігналізуюць, што грамадства на першае месца ставіць праблему алкагалізму".

Ад генеральнага пракурора і міністра ўнутраных спраў кіраўнік дзяржавы чакае на наступным пасяджэнні Савета бяспекі канкрэтных прапаноў па эфектыўным вырашэнні ўскладзеных на ведамства задач у гэтым годзе. "Спакойна жыць вам у гэтым годзе я не дам. Калі толькі самазаспакоіўся, а такія намеры (не тэндэнцыя) самазаспакоенасці ёсць, і калі гэта адбудзецца - будзем пажынаць сумныя плады", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт пацікавіўся, якім чынам будзе ўдасканальвацца прафілактычная работа, як будзе забяспечвацца далейшае зніжэнне алкагалізацыі, узроўню дамашняга насілля, а таксама агульнае павышэнне правасвядомасці грамадзян. "Мы не можам дапусціць, каб нейкі бандзюган здзекаваўся з дзяцей у сям'і і з жанчыны. Не можам! Гэтаму павінен быць пакладзены канец!" - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі