Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
17 лістапада 2016, 17:45

Лукашэнка аб супрацоўніцтве з Расіяй: за праблемамі нельга ўпускаць звычайнае жыццё

17 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. За праблемамі нельга ўпускаць звычайнае жыццё, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў час сустрэчы з прадстаўнікамі расійскіх рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Адказваючы на пытанне, на якія сферы развіцця супрацоўніцтва Беларусі і Расіі трэба звярнуць асаблівую ўвагу, Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ў першую чаргу гэта сферы, якія звязаны са звычайным жыццём людзей. "Харчаванне, адзенне, спакой, бяспека - усё, што вакол чалавека, гэта галоўнае. Таму што іншыя - абараназдольнасць і іншае - так, гэта важна, гэта адна з асноўных сфер нашага супрацоўніцтва, але давайце гаварыць шчыра: ніхто на нас нападаць заўтра не будзе і паслязаўтра таксама, ведаючы, што мы можам адказаць. А вось не ўпусціць бы нам за гэтымі вялікімі нібыта праблемамі звычайнае жыццё, каб не паўтарыць памылкі мінулага, гэта я лічу галоўным", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адной важнай сферай, паводле слоў Прэзідэнта, з'яўляецца эканоміка. "Вось часта кажуць, Лукашэнка хоча выгады. Як быццам Пуцін ад чагосьці выгады не хоча? Ды ніколі расійскае кіраўніцтва не будзе рабіць штосьці сабе на шкоду. Так, могуць зрабіць сёння штосьці на шкоду, бачачы заўтра плюсы. Дурняў у расійскім кіраўніцтве няма, там усё лічыцца і падлічваецца, ды яшчэ як. У вас жа там і лабіраванне ідзе - ад прыватнага бізнесу, адтуль узнікаюць гэтыя спрэчкі па таварах народнага спажывання", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка і звярнуў увагу, што расійскія журналісты мелі магчымасць азнаёміцца з беларускімі прадуктамі і пераканацца ў іх якасці. "Мы ДАСТы захавалі, а вы замянілі іх нейкімі тэхнічнымі рэгламентамі. І калі вашы вытворцы не могуць з намі канкурыраваць па якасці ды яшчэ і па цане - тады ідуць ва ўрад і пачынаюць там скардзіцца, што Лукашэнка не своечасова і не туды паставіў", - заўважыў беларускі лідар і дадаў, што пасля гэтага Рассельгаснагляд і Расспажыўнагляд пачынаюць шукаць падставы забараніць пастаўкі беларускіх прадуктаў.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што практыка паводзін на рынках, якая ўжо выпрацавана, не заўсёды вытрымліваецца. "Але ж мы тады проста пойдзем на іншыя рынкі. Сёння не далі нафту - мы яе возьмем, няхай крыху даражэй, у іншых краінах. А які нас інтарэс тады будзе звязваць з Расіяй? Фундамент любых адносін - эканоміка. Калі мы эканамічна павязаны, ніхто нас не разарве. Вунь паспрабавала Украіна разарваць - што атрымалі? Ні вам, ні нам гэта не трэба, але паводзіць трэба сябе цывілізавана - і нам, і вам", - канстатаваў ён.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што ўсе такія пытанні - вырашальныя. "Галоўнае пытанне - гэта жыццё людзей, іх бяспека і забеспячэнне. Гэта для нас вельмі важнае пытанне - і мы яго павінны вырашыць. Пасля і астатнія пытанні - і космас, і абарону, і ВПК - будзем вырашаць паступова. Людзі есці хочуць кожны дзень, яны хочуць карміць сваю сям'ю, сваіх дзяцей, яны павінны быць цёпла апрануты зімой. Над гэтым мы павінны працаваць, бачачы, вядома, і стратэгічныя пытанні", - рэзюмаваў Прэзідэнт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі