Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
08 красавіка 2019, 13:37

Лукашэнка аб канфліктах у свеце: усё гарыць ад галоўных сусветных ігракоў

8 красавіка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусь праводзіць збалансаваную знешнюю палітыку і выступае катэгарычным праціўнікам узнікнення і эскалацыі лакальных канфліктаў у свеце. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў інтэрв'ю турэцкаму інфармацыйнаму агенцтву "Анадолу", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што канфлікты ў свеце ўспыхваюць у розных кропках: "Сёння створана напружанне зусім побач ля нашых граніц - ва Украіне. У Венесуэле вы ведаеце, што адбываецца (дай бог, каб гэта не перарасло ў нейкі міжнародны канфлікт і сутыкненне). Вы бачыце, што адбываецца ў Лівіі, і гэта толькі пачатак. Вы бачыце і адчуваеце ўжо як грамадзянін Турцыі, што адбываецца побач з вамі - у Сірыі, Іраку, курдская праблема для вас вельмі важная".

Прэзідэнт упэўнены, што калі такія канфлікты ўзнікаюць, значыць, яны некаму патрэбны. "Мой тэзіс пацвярджае тое, што гэтыя канфлікты ўзнікаюць у краінах з багатымі прыроднымі рэсурсамі, якія займаюць важнейшае геапалітычнае становішча на карце свету, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Значыць, некаму патрэбны гэтыя рэсурсы, нехта хоча ўплываць на тыя дзяржавы, якія займаюць гэта геаграфічна і стратэгічна важнае становішча".

"Нам, беларусам, гэта трэба? Не! Нават калі мы вельмі зацікаўлены як дзяржава ў прыродных выкапнях, рэсурсах, таму што мы не з'яўляемся глабальным іграком і не маем імперскай псіхалогіі, каб сілай уплываць на тую ці іншую дзяржаву і атрымаць гэтыя рэсурсы", - адзначыў Прэзідэнт.

Ён зрабіў вывад, што "ўсё гарыць ад галоўных сусветных ігракоў". "Што гэта за ігракі, - вы іх добра ведаеце. Адны сябе паводзяць агрэсіўна, іншыя займаюцца рыторыкай (вельмі шмат крычаць, але тым не менш падліваюць масла ў агонь), трэція маўкліва стараюцца ўплываць на сітуацыю ў свеце. Але кожны з гэтых гіганцкіх ігракоў мае пэўную мэту. Перш за ўсё гэту - раздзяляй і ўладар", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што як Беларусь, так і Турцыя не зацікаўлены ва ўзнікненні ачагоў канфлікту, асабліва на фоне сітуацыі ў суседняй Сірыі. "Таму ні Турцыі, а тым больш Беларусі, такія канфлікты - лакальныя ці больш вялікія - абсалютна не патрэбны. Мы тут нічога не выйграем", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён нагадаў, што гістарычна многія войны праходзілі праз беларускія землі і страты ад гэтага былі не толькі матэрыяльныя, гінулі мільёны людзей. "У нас менталітэт іншы. Ні з практычнага пункту гледжання, ні з маральнага, ні з генетычнага нам гэтыя канфлікты не патрэбны. Мы праводзім збалансаваную шматвектарную палітыку. Нам трэба, каб быў мір і на захадзе, і на ўсходзе. Мы ад гэтага толькі выйграем, займаючы няхай нават складанае геаграфічнае становішча ў свеце, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - Таму мы займаем тут прынцыповую пазіцыю. Сёння гэты пажар за некалькі кіламетраў ад цябе, а заўтра ён перакінецца на тваю тэрыторыю, і тады ўжо будзе горача".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі