Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
12 кастрычніка 2018, 13:54

"Гэта сотні тысяч рабочых месцаў" - Лукашэнка расказаў, чым важнае рэгіянальнае супрацоўніцтва з Расіяй

12 кастрычніка, Магілёў /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Менавіта ў рэгіёнах Беларусі і Расіі пачынаецца мноства вытворчых і тэхналагічных ланцужкоў па выпуску сумеснай прадукцыі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на пленарным пасяджэнні V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Практычна ў кожным беларускім вырабе, трактар гэта, велікагрузны або легкавы аўтамабіль, ці бытавы прыбор, ёсць расійскі кампанент, - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. - Цяпер больш як 8 тыс. прадпрыемстваў дзвюх дзяржаў звязаны вытворчай кааперацыяй. У Беларусі амаль 3 тыс. арганізацый з расійскім статутным капіталам. У Расіі зарэгістравана прыкладна 50 сумесных вытворчасцей, створана каля 160 суб'ектаў тавараправоднай сеткі з беларускім капіталам. Гэта сотні тысяч рабочых месцаў, што ў цяперашні час з'яўляецца пэўным дасягненнем".

Аб узаемнай зацікаўленасці ў развіцці міжрэгіянальных сувязей сведчыць высокая інтэнсіўнасць абмену візітамі дэлегацый рознага ўзроўню, адзначыў Прэзідэнт. Падпісана каля 80 дагавораў аб супрацоўніцтве з 36 суб'ектамі Расійскай Федэрацыі. Асноўнымі гандлёвымі партнёрамі Беларусі застаюцца Масква і Санкт-Пецярбург, рэспублікі Татарстан і Башкортастан, Пермскі край, а таксама Бранская, Калужская, Маскоўская, Смаленская і Цюменская вобласці. Аб'ём гандлю з гэтымі рэгіёнамі складае больш за 70 працэнтаў беларуска-расійскага тавараабароту.

"Гэта вельмі высокі вынік, але важна наладзіць такі ж тэмп супрацоўніцтва і з іншымі суб'ектамі Расійскай Федэрацыі. Лічу, што ў нас ёсць усе неабходныя інструменты. Цяпер амаль з 60 рэгіёнамі Расіі створаны сумесныя рабочыя групы і саветы па дзелавым супрацоўніцтве. У расійскіх партнёраў ёсць магчымасць адпрацоўваць у Беларусі ўсе актуальныя пытанні непасрэдна са службовымі асобамі ў нашым урадзе і мясцовых органах улады", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што кіраўнікі расійскіх рэгіёнаў, якія прысутнічаюць на мерапрыемстве, пацвердзяць гэтыя словы. "Ні адзін з іх не пакрыўдзіцца на мяне, таму што прыезд кіраўніка расійскага рэгіёна - гэта абавязковая сустрэча з Прэзідэнтам Беларусі, гэта аналіз тых праблем, якія складваюцца ў адносінах паміж Беларуссю і канкрэтным рэгіёнам, і прыняцце на месцы канкрэтных мер", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі стаў добрай традыцыяй для прэзідэнтаў дзвюх краін, кіраўнікоў рэгіёнаў, прадстаўнікоў бізнес-супольнасці і экспертаў, пляцоўкай для абмеркавання ключавых пытанняў міждзяржаўных адносін.

"Мы ўважліва вывучылі, як на мясцовым узроўні рэалізуюцца нашы агульныя планы ў сацыяльнай палітыцы, аграрнай і прамысловай сферах. Азнаёміліся з перспектыўнымі напрамкамі развіцця высокіх тэхналогій, інавацый і інфармацыйнай супольнасці. Сёння нам неабходна прааналізаваць і вызначыць тыя сферы, у якіх міжрэгіянальнае ўзаемадзеянне магло б аказаць дадатковы станоўчы ўплыў на інтэграцыйныя працэсы ў рамках нашага саюза", - дадаў беларускі лідар.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі