Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
16 жніўня 2019, 11:38

"Гэта абуральная безгаспадарчасць і злачынства" - Лукашэнка паабяцаў строгія меры за масавы падзеж жывёлы

16 жніўня, Старадарожскі раён /Кар. БЕЛТА/. Па выніках года ў Беларусі разбяруцца з прычынамі падзяжу жывёлы ў гаспадарках краіны. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, наведваючы ТАА "Шапчыцы-агра" ў час рабочай паездкі ў Старадарожскі раён, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што па выніках года будзе падлічана, колькі загінула жывёлы ў кожнай вобласці і ў цэлым па краіне. "За гэта адкажуць усе. Навошта нам араць зямлю, вырабляць кармы - для здохлых кароў і быкоў або цялят? Гэта нікому не трэба, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта абуральная безгаспадарчасць, гэта проста злачынства. Па падзяжы жывёлы разборкі будуць вельмі строгія".

Як паведаміў памочнік Прэзідэнта Аляксандр Косінец, у мінулым годзе ў Мінскай вобласці загінула 19,6 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы, 102,8 тыс. галоў свіней. За першае паўгоддзе 2019-га падзеж буйной рагатай жывёлы ў рэгіёне склаў 10,4 тыс. галоў, свіней - 59,6 тыс. "Гэта значыць, рост на 17 працэнтаў падзяжу буйной рагатай жывёлы, на 24 працэнты - свіней. Тут трэба праводзіць вельмі сур'ёзную работу", - адзначыў ён.

У сваю чаргу губернатар Мінскай вобласці Анатоль Ісачанка растлумачыў, што на самай справе падзеж жывёлы ў рэгіёне зменшыўся: проста статыстыку перасталі хаваць і цяпер лічбы здаюцца вялікімі. "Ёсць непрадукцыйнае выбыццё жывёлы. Яно дзеліцца на тры напрамкі: падзеж, забой або прырэзка на месцы і продаж насельніцтву. Гэтыя два паказчыкі - забой і продаж насельніцтву - заўсёды ідуць уверх, каб скрыць падзеж. Калі я прыйшоў, мы гэта спынілі і сказалі, што трэба паказваць тое, што ёсць. І цяпер у нас падзеж нібыта павялічыўся, але на самай справе за пазамінулы год мы знізілі на 16 442 галавы непрадукцыйнае выбыццё. За першае паўгоддзе гэтага года - зніжэнне практычна 2 тыс. Гэта значыць, мы ўстаранілі жулікаў, паказваем рэальную карціну, непрадукцыйнае выбыццё змяншаецца, хоць яно і ёсць", - сказаў старшыня аблвыканкама.

Ён адзначыў, што згодна са статыстыкай у 2017 годзе было забіта 25 тыс. галоў жывёлы ў гаспадарках вобласці. "Гэта ж няпраўда. Навошта столькі жывёлы забіваць гаспадаркам? Гэта скрыты падзеж. Мы гэта спынілі, і ў нас нібыта, паводле статыстыкі, падзеж узрос. На самай справе, не, ён зменшыўся", - звярнуў увагу губернатар.

Яго словы пацвердзіў і старшыня Камітэта дзяржкантролю Леанід Анфімаў. "Пасля таго, як мы пачалі маштабна вывучаць гэту праблему, усё ж такі крыху знізіліся тэмпы ў параўнанні з мінулагоднімі", - канстатаваў ён.

Аляксандр Лукашэнка даручыў дэталёва разабрацца ў гэтай сітуацыі, падвесці вынікі ў цэлым па краіне. Асобныя функцыі тут ускладзены таксама на Генеральную пракуратуру.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі