Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
23 сакавіка 2017, 13:25

"Дзейнічаць згодна з законамі і Канстытуцыяй" - Лукашэнка падкрэслівае важнасць захавання міру і спакойнага жыцця ў Беларусі

23 сакавіка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае важнасць захавання міру і спакойнага жыцця грамадзян у краіне і арыентуе ўладныя органы на падтрыманне правапарадку ў строгай адпаведнасці з законамі і Канстытуцыяй. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на нарадзе па пытаннях забеспячэння грамадскай бяспекі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы можам сёння захаваць мір і спакой у нашай краіне, і мы нічога і нікога не баімся, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Давайце абмяркуем сітуацыю, якая складваецца. Мяне вельмі непакоіць тая інфармацыя, якую я атрымліваю. Гэта не той аб'ём, які мы даём у СМІ (ужо каб не запалохваць, мізэрна мала даём)".

"Абмяркуем увесь комплекс той інфармацыі і мерапрыемстваў, якія праведзены ў сувязі з нашай антытэрарыстычнай барацьбой, і зробім адпаведныя вывады. Нікога, падкрэсліваю, не запалохваючы, не пужаючы, будзем дзейнічаць у адпаведнасці з законам", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што такую нараду спецыяльна было вырашана правесці адкрыта. "Я прытрымліваюся аднаго пункту гледжання: мы нічога ні ад каго не павінны закрываць. Мы павінны сумленна, адкрыта абмяркоўваць тыя пытанні, якія сёння хвалююць нашых людзей і, зразумела, не могуць не хваляваць нас", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым адхіліў існуючае ў пэўных колах меркаванне, што напярэдадні некаторых непажаданых падзей улада пачынае некага запалохваць. "Бачу, што ходзіць такая шалёная думка ў кагосьці. Я гэтым спадарам хачу сказаць, што ўлада сёння абсалютна нікога не баіцца. Асабліва, што датычыцца Прэзідэнта. Мы праводзім сумленную, адкрытую палітыку", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што ўлада не дапусціла, каб краіну раскралі і расцягалі на кавалкі. "Мы не раздалі ўласнасць, хоць сёй-той унутры і асабліва звонку марыць тут падзяліць што-небудзь. Мы праводзілі тую палітыку, якую абяцалі ў час прэзідэнцкіх выбараў, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Але, тым не менш, неяк непрыемна чуць, што мы некага палохаем. Хачу сказаць, што мы нікога не пужаем і пужаць не будзем. Але мы будзем вельмі строга прытрымлівацца выканання законаў і Канстытуцыі краіны".

"Мы нікому не закрываем рот, але крок улева, крок управа ад закону будзе вельмі строга спыняцца", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што ў краіне падтрымліваецца спакой і парадак, а людзі адчуваюць сябе ў бяспецы. "Гэта няпроста даецца. І калі толькі мы недзе парушым гэты парадак, заўтра будзе так, як у нашых суседзяў. Калі нехта хоча гэтага (няхай мізэрна мала ў грамадстве, але такія ёсць), яны павінны разумець, што мы, нікога не запалохваючы, заклічам іх да парадку. Вось тэма нашай сённяшняй размовы", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі