Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
17 кастрычніка 2019, 11:34

Будаваць жыллё і развіваць сельскую гаспадарку - Лукашэнка прапанаваў Наўгародскай вобласці новыя праекты

17 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы з губернатарам Наўгародскай вобласці Андрэем Нікіціным прапанаваў па-новаму глянуць на перспектывы развіцця двухбаковага супрацоўніцтва і пашырыць кааперацыйныя сувязі з Беларуссю, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы вітаў расійскага губернатара, адзначыўшы, што Андрэй Нікіцін упершыню наведвае Беларусь.

"Такі візіт - гэта вельмі добрая магчымасць пазнаёміцца з Беларуссю. Ацаніць яе эканамічны, вытворчы патэнцыял, наогул па-новаму глянуць на перспектывы развіцця двухбаковага супрацоўніцтва, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Асабісты ўдзел губернатараў у наладжванні адносін - гэта краевугольны камень. Калі губернатар зацікаўлены, значыць, справы будуць паляпшацца. Вельмі важна, што ваша вобласць і Беларусь зацікаўлены не толькі ў развіцці простага гандлю, а ў пашырэнні кааперацыйных сувязей".

Прэзідэнт канстатаваў, што вялікую ўвагу ўдзяляе супрацоўніцтву Беларусі з рэгіёнамі Расіі. "У Маскве некаторых (а можа, многіх) насцярожвае, што мы часта сустракаемся з кіраўнікамі рэгіёнаў краіны. Тут няма ніякай канспіралогіі. Я вельмі часта гавару: калі нехта ў Расіі думае, што гэта іх Расія, яны памыляюцца. Гэта і наша Расія. Да гэтага трэба прывыкаць. Расія - гэта больш, чым краіна, для Беларусі - тым больш. Гэта ідэалогія, і яе з мяне не выбіць".

Наўгародская вобласць - адзін з самых блізкіх для Беларусі суб'ектаў Расійскай Федэрацыі. "У нас заўсёды былі добрыя адносіны. Няхай не завоблачны тавараабарот, амаль $100 млн, але ёсць над чым працаваць, як кажуць спартсмены", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь закупляе ў Наўгародскай вобласці арматурную прадукцыю, хімічныя кампаненты, піламатэрыялы і кераміку. А са свайго боку гатова прапанаваць прадукцыю сельскай гаспадаркі, машынабудавання, будаўнічыя паслугі.

Аляксандр Лукашэнка ўпамянуў, што раней не раз прапаноўваў расійскім губернатарам узаемадзеянне ў развіцці сельскай гаспадаркі, у прыватнасці пастаўкі насення і племянной жывёлы. Забяспечанасць людзей прадуктамі харчавання, таварамі першай неабходнасці з'яўляецца залогам стабільнасці ў дзяржаве. "Мы ведаем, што элементарна трэба накарміць і адзець людзей. Тады не разваліцца ні Расія, ні Беларусь", - сказаў ён. Прэзідэнт нагадаў, што ў Савецкім Саюзе кіраўнікі былі далёкія ад такіх праблем, што стала адной з прычын развалу дзяржавы: "Космас, стрэльбу новую вынайсці - так. А займацца жыццём людзей ніхто не хацеў".

Кіраўнік дзяржавы разлічвае на садзейнічанне расійскага губернатара ў пытаннях удзелу беларускіх будаўнічых арганізацый ва ўзвядзенні аб'ектаў у Наўгародскай вобласці. У Беларусі ўжо ёсць вопыт асваення вялікіх участкаў зямлі, дзе пад ключ узводзіліся жылыя кварталы. "Калі ў вас такая зацікаўленасць будзе, давайце паспрабуем. Няхай з малога пачнём", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Акрамя таго, Беларусь мае вопыт будаўніцтва маштабных ферм, у тым ліку ў рэгіёнах Расіі, нават на Сахаліне. "Мы можам па абсалютна сходнай цане для вас пабудаваць комплекс", - прапанаваў кіраўнік дзяржавы.

Былі агучаны таксама ініцыятывы па пастаўках айчыннай машынабудаўнічай прадукцыі. Размова ішла аб магчымасці паставак сучасных аўтобусаў МАЗ з рознымі тыпамі рухавікоў і тралейбусаў з павялічаным аўтаномным ходам. "Мы выпускаем вельмі шырокую лінейку грузавой, дарожнай, камунальнай і будаўнічай тэхнікі. Ведаю, вы будзеце наведваць некаторыя буйнейшыя прадпрыемствы, Мінскі трактарны завод, Мінскі аўтамабільны завод, - сказаў ён. - Хачу, каб вы паглядзелі і пераканаліся, што гэта рыначная вакханалія - парэзаць усё на кавалкі і падзяліць - гэта не адзінае выйсце. Мы захавалі гэтыя савецкія велізарныя прадпрыемствы, але яны ў рыначных умовах працуюць, як і многія-многія іншыя прадпрыемствы ў свеце".

У планах губернатара ёсць і наведванне буйнога сельгаспрадпрыемства - ААТ "Агракамбінат "Дзяржынскі". "Амаль увесь Дзяржынскі раён - у адной гаспадарцы. І яна вельмі эфектыўна працуе", - расказаў Аляксандр Лукашэнка. У сувязі з гэтым Прэзідэнт згадаў аб сваёй сустрэчы з нямецкімі фермерамі, якія пасля знаходжання ў Беларусі далі высокую ацэнку сельскай гаспадарцы, наяўнасці буйных вытворцаў і шкадавалі, што ў Германіі мноства дробных прыватных вытворцаў сельгаспрадукцыі. "Любы прыватнік спрабуе зарабіць. Ён пасеяў збожжа, убраў, прадаў і душыць урад, каб былі адкрыты граніцы і каб прадаваць збожжа. Але збожжа трэба перапрацоўваць у малако, мяса. Гэта складаней", - сказаў Прэзідэнт, падкрэсліўшы, што такая комплексная перапрацоўка пад сілу буйным гаспадаркам. "Расія, вядома, мае прыклады такіх кампаній. Гэтым шляхам давядзецца ісці, хоць гэта велізарныя затраты", - дадаў ён.

"Галоўнае, вы павінны разумець, што наша мэта - паглыбленне эканамічных кантактаў, двухбаковае супрацоўніцтва, таму што гэта фундамент. Будзе інтарэс у эканоміцы, усё астатняе дадасца", - падагульніў Прэзідэнт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі