Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
22 ліпеня 2019, 11:51

Беларусь не бачыць перашкод для ўзмацнення палітычнага дыялогу з ЕС і гатова да гэтага - Лукашэнка

22 ліпеня, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Беларусь гатова да ўзмацнення палітычнага дыялогу з Еўрапейскім саюзам. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з кіраўніком прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Няма сёння перашкод для таго, каб узмацняць дыялог не толькі па эканамічных, але і палітычных пытаннях. Беларусь да гэтага гатова. Давайце будзем у гэтым напрамку рухацца, не чакаючы якіх бы там ні было падзей: парламенцкіх гэта, ці прэзідэнцкіх выбараў. Думаю, нашы адносіны важнейшыя за ўсялякія палітычныя кампаніі ў вас або ў нас", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў вялікі ўклад Андрэа Віктарын у развіццё адносін паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам, падкрэсліўшы, што апошнія гады яны развіваюцца найбольш эфектыўна. "Я вам удзячны ад імя беларускага народа за гэты прамежак часу, які вы адпрацавалі і які быў вельмі пазітыўны ў нашых адносінах з Еўрасаюзам, - сказаў Прэзідэнт. - Я вельмі спадзяюся, што на замену вам прыедзе дастойны чалавек. Я хачу пажадаць вам усялякіх поспехаў у Арменіі. Гэта дружалюбная Беларусі краіна, у нечым вельмі падобная, таму вам лёгка будзе ўвайсці ў курс справы ў Арменіі. І не забывайце, што чатыры гады - гэта ўсё ж такі пэўны тэрмін у вашым жыцці, і ён звязаны з Беларуссю. Мы заўсёды будзем рады бачыць вам, тым больш для вас візы не патрэбны".

Асобную ўдзячнасць Аляксандр Лукашэнка выказаў за фінансавую падтрымку, якую ЕС аказвае праектам у Беларусі, у тым ліку па развіцці інфраструктуры. "Гэта трэба будзе не толькі беларусам, але і еўрапейцам", - падкрэсліў ён.

Андрэа Віктарын у сваю чаргу дадала, што за апошнія некалькі гадоў Беларусі і Еўрапейскаму саюзу ўдалося пабудаваць даверныя адносіны адзін з адным. "Паміж намі адбываецца адкрыты дыялог як па палітычных тэмах, так і па эканамічных, а таксама па спецыфічных, асобных пытаннях, такіх як гандаль, мытныя пытанні і гэтак далей", - адзначыла яна.

Як паведамлялася, у ліпені на пасаду кіраўніка прадстаўніцтва ЕС у Беларусі быў вылучаны начальнік упраўлення Расіі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Дзірк Шубель. Андрэа Віктарын накіруецца прадстаўляць інтарэсы Еўрасаюза ў Арменію.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі