Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
22 лютага 2019, 11:38

Беларусь не адступіць ад рэалізацыі мірнай знешняй палітыкі - Лукашэнка

22 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь не адступіць ад рэалізацыі мірнай знешняй палітыкі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў час сустрэчы з курсантамі, слухачамі і прафесарска-выкладчыцкім складам Ваеннай акадэміі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сёння мы бачым, што дзейнасць Паўночнаатлантычнага альянсу на Еўрапейскім кантыненце значна актывізавалася. Пашырэнне ваенных блокаў, распрацоўка і ўкараненне новых тэхналогій узброенага проціборства ўскладняюць сітуацыю паблізу нашых граніц. Усім варта ведаць, што Беларусь не адступіць ад рэалізацыі мірнай знешняй палітыкі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што краіна і ў далейшым будзе абараняць свае інтарэсы, у тым ліку ў рамках сумеснай абароннай дактрыны са сваім стратэгічным партнёрам - Расійскай Федэрацыяй, з якой створана адзіная групоўка. Аднак гэта не значыць, што Беларусь адмовіцца ад узаемадзеяння з іншымі краінамі ў ваенна-палітычнай сферы, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

"Тым не менш вы, будучыя выпускнікі Ваеннай акадэміі, павінны заўсёды быць гатовы да любога павароту падзей, быць высокапрафесійнымі спецыялістамі, сапраўднымі патрыётамі Айчыны. Абавязаны разумець сваё прызначэнне ў лёсе нашай дзяржавы", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што рады напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Беларусі сустрэцца з маладым пакаленнем ваеннаслужачых - тымі, каму ў бліжэйшай будучыні трэба будзе забяспечваць нацыянальную бяспеку дзяржавы. "Мне прыемна тут пабываць, таму што я помню першыя дні сваіх дзеянняў у стварэнні сучаснай навучальнай ваеннай установы, і мне важна праз многія гады паглядзець, чаго вы дасягнулі", - прызнаўся кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт заявіў, што для беларускага народа мір і незалежнасць - найвялікшыя каштоўнасці, выпакутаваныя многімі пакаленнямі людзей. У год 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у краіне зноў успамінаюць подзвіг, які здзейснілі яе слаўныя сыны і дочкі. "Гэта яны адстаялі свабоду, незалежнасць радзімы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэта яны заклалі аснову суверэннай незалежнай дзяржавы - нашай Беларусі. Мы, вядома ж, ганарымся сваёй гераічнай гісторыяй", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, сучаснае пакаленне ваеннаслужачых дастойна прадаўжае традыцыі сваіх папярэднікаў. "Сёння ў зале прысутнічаюць курсанты і слухачы Ваеннай акадэміі. Гэта эліта нашай нацыянальнай арміі, якая фарміруе яе сучаснае аблічча. Менавіта ад усіх вас, прысутных тут (упэўнены, што тут лепшыя), залежыць будучыня нашай краіны і твар нашых Узброеных Сіл, не толькі арміі, - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. - Бачу, што і навучанне афіцэрскага складу тут праходзіць на высокім узроўні. Удзяляецца належная ўвага захаванню традыцый, вывучэнню сваёй ваеннай гісторыі, вопыту вядзення сучасных войнаў, лакальных канфліктаў, укараненню найноўшых тэхналогій".

Усё гэта сёння Прэзідэнту прадэманстравалі ў Ваеннай акадэміі. Асабліва цікава, сказаў Аляксандр Лукашэнка, было пагутарыць з ваеннаслужачымі першага ў Беларусі інфармацыйнага падраздзялення Узброеных Сіл. "Але гэта толькі пачатак. І я кіраўнікам сказаў: нам ні ў якім разе нельга загубіць гэта зерне. Яно павінна прарасці, яно павінна даць вынік не толькі для ўнутранага рынку нашай краіны, але яны павінны папрацаваць і на экспарт, атрымаць у тым ліку добрыя грошы. У адваротным выпадку, вы не зможаце канкурыраваць з Паркам высокіх тэхналогій", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што абавязковай умовай сучаснай падрыхтоўкі з'яўляецца яе практычная накіраванасць. "Таму ваша галоўная школа - гэта не столькі, можа, вучэбныя класы, колькі палігоны і войскі, - звярнуў ён увагу. - Па шэрагу спецыяльнасцей у акадэміі, як і ў многіх іншых ВНУ, тэрміны навучання былі скарочаны па маім настойлівым патрабаванні. На падрыхтоўку любога спецыяліста трэба адводзіць не больш часу, чым гэта трэба для авалодання прафесіяй".

На думку Прэзідэнта, намаганні прафесарска-выкладчыцкага складу неабходна накіроўваць таксама на фарміраванне светапогляду курсантаў і слухачоў, таму што сучасныя ваеннаслужачыя павінны ўмець аналізаваць падзеі ў свеце. "Усім навучэнцам, асабліва слухачам факультэта Генеральнага штаба, неабходна дакладна ўяўляць сабе месца Беларусі ў сістэме міждзяржаўных адносін і глабальнай бяспекі", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён павіншаваў курсантаў, слухачоў і прафесарска-выкладчыцкі склад Ваеннай акадэміі, а таксама ўвесь склад Узброеных Сіл Беларусі з надыходзячым святам, выказаўшы ўдзячнасць за ратную працу, мужнасць і самаадданасць.

"Упэўнены, што адданасць сваёй краіне, воінскаму абавязку, высокі прафесіяналізм, баявое майстэрства будуць садзейнічаць паспяховаму выкананню задач, што стаяць перад намі, для захавання міру і спакою на беларускай зямлі", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка заклікаў курсантаў да нефармальнага дыялогу і адказаў на іх пытанні і прапановы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі