Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
29 верасня 2016, 14:59

Беларусь і Кітай устанавілі адносіны давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва

29 верасня, Пекін /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Старшыня КНР Сі Цзіньпін па выніках афіцыйных перагавораў у Пекіне падпісалі сумесную дэкларацыю Беларусі і КНР аб устанаўленні адносін давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Дзякуючы сумесным мэтанакіраваным намаганням кантакты на высокім узроўні, палітычны ўзаемадавер і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва дзвюх краін узняліся на беспрэцэдэнтна высокі ўзровень, адносіны ўсебаковага стратэгічнага партнёрства паміж Беларуссю і Кітаем перайшлі на новы этап. Кіруючыся прынцыпамі ўзаемнай павагі, узаемавыгаднага супрацоўніцтва і шматвяковай дружбы, бакі будуць бесперапынна паглыбляць палітычны ўзаемадавер і супрацоўніцтва ў розных галінах, нарошчваць кантакты паміж народамі і гуманітарныя абмены, узбагачаць складнік беларуска-кітайскіх адносін усебаковага стратэгічнага партнёрства, развіваць "усепагодную дружбу", ствараць супольнасць агульных інтарэсаў і супольнасць адзінага лёсу", - гаворыцца ў дэкларацыі.

У дакуменце падкрэсліваецца, што палітычны ўзаемадавер служыць краевугольным каменем беларуска-кітайскіх адносін. Заяўлена аб паважанні і падтрымцы шляхоў развіцця ўнутранай і знешняй палітыкі кожнага з бакоў, а таксама суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці.

Беларусь зацвердзіла прыхільнасць да прынцыпу "аднаго Кітая". А кітайскі бок падтрымаў намаганні Беларусі, нацэленыя на забеспячэнне сацыяльна-палітычнай стабільнасці і эканамічнага развіцця, выступіў супраць знешняга ўмяшання ва ўнутраныя справы Беларусі пад любой маркай і заявіў аб прызнанні важнай ролі беларускага боку ва ўмацаванні рэгіянальнай бяспекі і стабільнасці.

Узровень усебаковага стратэгічнага партнёрства ў Кітая ўстаноўлены прыкладна з двума дзясяткамі краін. Да гэтага часу ў гэтай групе знаходзілася і Беларусь. Яшчэ больш высокі, асаблівы ўзровень адносін існуе толькі з невялікай колькасцю дзяржаў. Эксперты адносяць да іх ліку Вялікабрытанію, Расію і Пакістан. Цяпер якасна новы партнёрскі статус набылі і беларуска-кітайскія адносіны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі