Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
17 ліпеня 2017, 14:49

Аптымізацыя, аператыўнасць і вынікі аб'яднання: Лукашэнка заслухаў даклад Сукалы аб рабоце судовай сістэмы ў новых умовах

17 ліпеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 ліпеня правёў рабочую сустрэчу са старшынёй Вярхоўнага суда Валянцінам Сукалам, на якой абмяркоўвалася эфектыўнасць работы судовай сістэмы пасля аб'яднання агульных і эканамічных судоў, пытанні аптымізацыі, а таксама ўдасканалення правапрымяняльнай практыкі ў шэрагу сфер, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Больш за ўсё мяне хвалюе, хоць гэта ўжо і даўно здарылася, аб'яднанне нашых судоў. Хацелася б, каб вы расказалі, якая там сітуацыя", - пацікавіўся кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама папрасіў Валянціна Сукалу выказаць сваё меркаванне на прадмет магчымай наяўнасці небяспечных тэндэнцый у эканоміцы, зыходзячы з аналізу разглядаемых судамі спраў. "Ваш пункт гледжання і вашы ацэнкі па дзейнасці вашых калег - тых, хто прыносіць у суды справы, асабліва крымінальныя. Можа, у эканоміцы нейкія (у вас гэта бачна, як у люстэрку, па гаспадарчай частцы) небяспечныя тэндэнцыі намячаюцца або адбываюцца, зыходзячы з паступаючых спраў", - абазначыў Прэзідэнт.

Як далажыў Валянцін Сукала, аб'яднаная судовая сістэма ў Беларусі ў такой якасці працуе ўжо на працягу трох гадоў, на гэты момант асноўныя праблемы вырашаны. Гэта ў першую чаргу датычыцца адзінства судовай практыкі і палітыкі, судаводства ў цэлым. "Тры гады паказалі, што мы адаптаваліся. Сёння судовая сістэма даволі ўстойлівая, рацыянальная і арганізацыйна кіруемая", - запэўніў старшыня Вярхоўнага суда.

Як паказваюць вынікі апошніх трох гадоў, ёсць пазітыўныя змяненні ў якасці і аператыўнасці правасуддзя як у агульных, так і эканамічных судах. Намечаны комплекс мер для таго, каб правасуддзе ў Беларусі больш аператыўна аднаўляла парушаныя правы грамадзян. У першую чаргу гэтага плануецца дабіцца за кошт скарачэння выпадкаў адкладання, прыпынення, перапынкаў у працэсе разгляду судовых спрэчак. "Будзем рабіць усё для таго, каб судовыя спрэчкі, асабліва грамадзянскія, разглядалі не больш як у двух судовых пасяджэннях", - адзначыў Валянцін Сукала.

На сустрэчы таксама абмяркоўвалася прапанова па структурнай аптымізацыі ў судовых органах. Змяненні адбудуцца ў апаратах Вярхоўнага і абласных судоў. Разам з гэтым будзе захаваны цяперашні колькасны склад судзейскага корпуса, які параўнальна невялікі. Такім чынам, аптымізацыя закране толькі апараты вышэйстаячых судоў і дасць магчымасць захаваць судзейскі корпус і якасць правасуддзя. Адпаведныя падыходы падтрыманы кіраўніком дзяржавы.

"Судовая сістэма гатова да работы ў новых умовах пасля аптымізацыі. Аб гэтым было даложана Прэзідэнту. Мы прадставілі ўжо ўсю нарматыўную базу для зацвярджэння. Калі такое зацвярджэнне адбудзецца, то мы пачнём працаваць у новых умовах з 1 жніўня. Такія тэрміны нам вызначаны кіраўніком дзяржавы", - заявіў Валянцін Сукала журналістам па выніках сустрэчы.

Сярод агульных праблем было разгледжана пытанне прымянення інстытута банкруцтва і павышэння яго эфектыўнасці. Узгоднена і прынята рашэнне аб неабходнасці вярнуцца да гэтай тэмы і разгледзець існуючую у гэтай сферы праблематыку.

Прэзідэнту было даложана і аб шэрагу крымінальных спраў, па якіх якасць папярэдняга расследавання знаходзілася ў яго на кантролі.

Аляксандр Лукашэнка таксама цікавіўся ходам будаўніцтва ў Мінску новага будынка Вярхоўнага суда. Даложана, што работы, пачатыя ў кастрычніку 2016 года, вядуцца аператыўна, з апярэджаннем графіка. Чакаецца, што да 7 лістапада 2018 года яны завершацца.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі