Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
18 лютага 2018, 10:02

Участкі для галасавання на мясцовых выбарах адкрыліся ў Беларусі

18 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Участкі для галасавання на выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў 28-га склікання адкрыліся ў Беларусі, паведамляе БЕЛТА.

Участкі для галасавання будуць адкрыты з 8.00 да 20.00. Для таго, каб атрымаць бюлетэнь, выбаршчыку неабходна прад'явіць пашпарт або вадзіцельскае пасведчанне. Ваеннаслужачыя тэрміновай службы могуць прагаласаваць па ваенным білеце, дзяржслужачыя - па службовым пасведчанні, студэнты - па студэнцкім білеце. Бюлетэнь выдадуць пры прад'яўленні пенсійнага пасведчання або пасведчання інваліда (пры наяўнасці ў іх фатаграфіі), даведкі органаў унутраных спраў (для тых, хто страціў пашпарт) і пасведчання на права жыхарства (для грамадзян Расійскай Федэрацыі, якія пастаянна пражываюць у Беларусі).

У залежнасці ад месца жыхарства чалавеку для выбрання дэпутатаў у адпаведныя абласны, базавы і першасны ўзроўні Саветаў выдадуць да трох бюлетэняў. У ЦВК нагадалі аб змесце і правілах іх запаўнення. У іх змешчаны прозвішчы, імёны, імёны па бацьку кандыдатаў у дэпутаты ў алфавітным парадку, а таксама іх біяграфічныя даныя. Пры галасаванні неабходна паставіць любы знак у квадраце справа ад прэтэндэнта, якога выбаршчык хацеў бы бачыць на пасадзе дэпутата. Калі выбар так і не ўдалося зрабіць, то выбаршчыку неабходна паставіць знак у квадраце справа ад слоў "Супраць усіх кандыдатаў".

У выпадку ўдзелу ў выбарах аднаго кандыдата ў дэпутаты ў бюлетэні будзе прапанавана прагаласаваць "За" або "Супраць" яго, паставіўшы знак у адпаведным квадраце.

Запоўнены бюлетэнь апускаецца ў спецыяльную скрыню для галасавання.

Калі пры запаўненні бюлетэня была дапушчана памылка, неабходна звярнуцца да члена выбарчай камісіі за паўторнай выдачай бюлетэня. Пры атрыманні чыстага сапсаваны здаецца члену ўчастковай камісіі і пагашаецца ва ўстаноўленым парадку.

Для галасавання на мясцовых выбарах створана 5870 участкаў, з якіх 250 - у санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку, бальніцах і іншых арганізацыях аховы здароўя, якія аказваюць медыцынскую дапамогу ва ўмовах стацыянара, 17 - у воінскіх часцях.

У спісы для галасавання ўключана 6 млн 929 тыс. 525 чалавек.

Кандыдатамі ў дэпутаты зарэгістравана 22,2 тыс. чалавек. У агульнай колькасці паміж удзельнікамі кампаніі будзе размеркавана крыху больш за 18 тыс. мандатаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі