Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
15 сакавіка 2018, 11:38

ТКГ адзначае сур'ёзнае скарачэнне колькасці парушэнняў рэжыму спынення агню на ўсходзе Украіны

15 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Трохбаковая кантактная група па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны адзначае сур'ёзнае скарачэнне колькасці парушэнняў рэжыму спынення агню. Аб гэтым гаворыцца ў паведамленні спецыяльнага прадстаўніка АБСЕ ў ТКГ Марціна Сайдзіка па выніках чарговай сустрэчы кантактнай групы і яе рабочых груп у Мінску, паведамляе БЕЛТА.

Трохбаковая кантактная група пры ўдзеле прадстаўнікоў асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей 2 сакавіка заявіла аб пацвярджэнні прыхільнасці да ўсёабдымнага, устойлівага і бестэрміновага спынення агню пачынаючы з 5 сакавіка. "Прытрымліваючыся гэтай заявы і дзякуючы намаганням бакоў, за апошні час удалося значна скараціць сярэднюю колькасць парушэнняў рэжыму спынення агню да аднаго з самых нізкіх узроўняў на працягу апошніх двух гадоў", - адзначаецца ў паведамленні Марціна Сайдзіка.

Акрамя таго, у 2018 годзе ўдалося дабіцца істотнага змяншэння колькасці ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва - паводле папярэдніх даных Спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ, прыкладна ў тры разы ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года. "Усё гэта паказвае, што пры наяўнасці палітычнай волі магчыма дасягнуць многага", - перакананы дыпламат.

Далейшае выкананне рэжыму спынення агню і агульная сітуацыя ў зоне канфлікту на ўсходзе Украіны сталі асноўнай тэмай дыскусій рабочай групы па бяспецы. Удзельнікі, сярод іншага, падкрэслілі, што для паспяховага забеспячэння рэжыму цішыні неабходна няўхільнае выкананне раней узгодненых прынцыпаў, у тым ліку адмова ад наступальных дзеянняў і разведвальных аперацый, адвод цяжкага ўзбраення, асабліва з населеных пунктаў і інш.

Адной з галоўных тэм пасяджэння эканамічнай рабочай групы чарговы раз стала пытанне мабільнай сувязі Vodafone-Ukraine. Пры ўдзеле прадстаўніка кампаніі рабочая група прадоўжыла абмеркаванне неабходных практычных крокаў для аднаўлення і забеспячэння сувязі на тэрыторыі асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей (АРДВ і АРЛВ). Акрамя таго, рабочая група прадоўжыла разгляд пытанняў водазабеспячэння ў сістэмах "Карбаніт" і "Вада Данбаса", пагашэння запазычанасцей былым супрацоўнікам Украінскай чыгункі ў АРДВ і АРЛВ, а таксама вяртання чыгуначных вагонаў, якія знаходзяцца цяпер на непадкантрольнай ураду Украіны тэрыторыі.

Рабочая група па гуманітарных пытаннях прадоўжыла абмяркоўваць тэму абмену ўтрымліваемымі. Удзельнікі палітычнай групы абмяняліся меркаваннямі наконт будучай імплементацыі так званай формулы Штайнмаера, амністыі, мясцовых выбараў і забеспячэння асаблівага статусу АРДВ і АРЛВ згодна з Мінскімі пагадненнямі. Паводле слоў каардынатара рабочай групы П'ера Марэля, для яе паспяховай работы вялікае значэнне мае цеснае ўзаемадзеянне ТКГ з Нармандскім фарматам.

Як паведамлялася, 14 сакавіка пасяджэнне ТКГ у беларускай сталіцы прайшло без спецыяльнага прадстаўніка АБСЕ Марціна Сайдзіка. Дыпламат не змог прыбыць у Мінск з-за нялетнага надвор'я ў Кіеве. Наступны раўнд перагавораў па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны адбудзецца ў Мінску 4 красавіка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі