Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
20 лістапада 2019, 14:23

Сямашка: узгоднена 21 інтэграцыйная дарожная карта

20 лістапада, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Беларускі і расійскі бакі цалкам узгаднілі 21 з 31 інтэграцыйнай дарожнай карты. Аб гэтым паведаміў пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка сёння ў Маскве на экспертна-медыйным форуме "Саюзная дзяржава 2030 - траекторыя будучыні", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў Уладзіміра Сямашкі, на раніцу 19 лістапада, гэта значыць да пачатку перагавораў прэм'ер-міністраў Беларусі і Расіі былі поўнасцю ўзгоднены і парафіраваны 16 дарожных карт. "Учора ў час, я лічу, плённага правядзення сустрэч двух прэм'ер-міністраў мы яшчэ па пяці дарожных картах прыйшлі да кансэнсусу, знайшлі развязкі і далі даручэнне міністрам, каб яны да канца бягучага тыдня паклалі гэтыя ўзгодненыя дарожныя карты на стол, - сказаў пасол. - Гэта значыць яшчэ плюс пяць карт".

Разам з тым Уладзімір Сямашка адзначыў, што застаюцца няўзгодненымі сур'ёзныя пытанні, якія датычацца, перш за ўсё, энергетычнага блока, доступу на ўзаемныя рынкі, мытнага і падатковага заканадаўства. "Я лічу, што гэта такія прынцыповыя, сістэмаўтваральныя пытанні, але думаю, што яны будуць у рэшце рэшт вырашаны", - падкрэсліў ён. Пасол нагадаў, што ў беларуска-расійскіх адносінах ужо неаднаразова бывалі перыяды гарачых спрэчак па тых ці іншых праблемах. "Такія падзеі ўжо былі, але ў рэшце рэшт разважлівасць перамагала і мы заўсёды знаходзілі развязкі. Думаю, што мы і цяпер знойдзем гэтыя развязкі. Гэта вызначыць наша сумесная Саюзная дзяржава на бліжэйшыя некалькі дзесяцігоддзяў", - рэзюмаваў дыпламат.

Як паведамлялася, у пачатку верасня на ўзроўні прэм'ер-міністраў Беларусі і РФ былі ўзгоднены праект праграмы дзеянняў па выкананні саюзнага дагавора і пералік дарожных карт. Цяпер бакам неабходна распрацаваць 31 дарожную карту для рэалізацыі гэтай праграмы. Урады Беларусі і РФ плануюць прадставіць прэзідэнтам праекты дарожных карт да 1 снежня. Дарожныя карты будуць падпісвацца кіраўнікамі дзяржорганаў, праграма дзеянняў па выкананні саюзнага дагавора - на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. Дарожныя карты датычацца стварэння адзінага рынку газу, адзінага рынку нафты, адзіных транспартных рынкаў, правядзення адзінай палітыкі ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы і гэтак далей.

Экспертна-медыйны форум "Саюзная дзяржава 2030 - траекторыя будучыні" праходзіць у Маскве 20-21 лістапада. Ён арганізаваны Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы. Мерапрыемства сабрала экспертаў, палітолагаў, сацыёлагаў, кіраўнікоў СМІ, вучоных, прадстаўнікоў тэхнапаркаў і навукова-даследчых інстытутаў, а таксама маладзёжных грамадскіх і навуковых арганізацый з Беларусі і Расіі. У першы дзень мерапрыемства разглядаюцца патэнцыяльныя мадэлі развіцця Саюзнай дзяржавы і інтэграцыйныя стратэгіі ў сферы інфармацыі. У другі дзень будуць арганізаваны секцыі "Інавацыйныя тэхналогіі для вырашэння задач Саюзнай дзяржавы" і "Гуманітарнае супрацоўніцтва - тэрыторыя маладых". Акрамя таго, адбудзецца спецыяльная сесія да 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі