18 ліпеня, Санкт-Пецярбург /Кар. БЕЛТА/. Расія і Беларусь будуюць адносіны на прынцыпах добрасуседства і з улікам інтарэсаў адзін аднаго. Аб гэтым Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў сёння ў час пленарнага пасяджэння VI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Беларусь для нас - бліжэйшы саюзнік і стратэгічны партнёр, адносіны з якім будуюцца на прынцыпах добрасуседства, узаемнай павагі і ўліку інтарэсаў адзін аднаго, - падкрэсліў Уладзімір Пуцін. - Нашы краіны ўмацоўваюць палітычнае і эканамічнае ўзаемадзеянне ў рамках Саюзнай дзяржавы, 20-годдзе якой адзначаецца ў бягучым годзе, актыўна ўдзельнічаюць у дзейнасці Еўразійскага эканамічнага саюза, фарміравання адзінага рынку тавараў, паслуг, капіталу і рабочай сілы. Цесна супрацоўнічаюць у іншых рэгіянальных арганізацыях, уключаючы АДКБ".
Прэзідэнт адзначыў, што ў мінулым годзе беларуска-расійскі тавараабарот вырас амаль на 10 працэнтаў і дасягнуў $35,5 млрд. "Пры гэтым наша краіна стабільна ўтрымлівае першае месца па памеры назапашаных прамых капіталаўкладанняў у беларускую эканоміку - амаль $4 млрд. Паміж расійскімі і беларускімі рэгіёнамі заключана больш за 350 пагадненняў, накіраваных на паглыбленне кааперацыі ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, фармацэўтыцы, транспартнай сферы", - сказаў кіраўнік расійскай дзяржавы.
Уладзімір Пуцін падрабязна спыніўся на супрацоўніцтве Беларусі і Расіі па фарміраванні адзінай культурнай і гуманітарнай прасторы. Ён звярнуў увагу, што народы дзвюх краін звязваюць агульная гісторыя, трывалыя культурныя і духоўныя сувязі. "Мы ганарымся агульнымі поспехамі і дасягненнямі ў самых розных галінах і помнім пра цяжкія выпрабаванні, з якімі нам давялося сутыкнуцца ў мінулым і з якіх мы з гонарам выйшлі", - заявіў ён.-0-