Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
04 ліпеня 2019, 17:08

Планаў па пашырэнні АДКБ няма, але ў хуткім часе ў арганізацыі з'явяцца партнёры і наглядальнікі - Семерыкоў

4 ліпеня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Планаў па пашырэнні Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы цяпер няма, але ў хуткім часе ў АДКБ з'явяцца інстытуты партнёрства і наглядальнікаў. Аб гэтым заявіў сёння на прэс-канферэнцыі ў Маскве выконваючы абавязкі генеральнага сакратара АДКБ Валерый Семерыкоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Нашы нарматыўна-прававыя дакументы прадугледжваюць уступленне ў АДКБ трэціх краін, гэта прадугледжана статутам, Дагаворам аб калектыўнай бяспецы, - сказаў Валерый Семерыкоў. - Нейкіх планаў па ўступленні мы не выбудоўваем, гэта добрая воля кожнай дзяржавы, калі яна хоча ўступіць (у АДКБ. - Заўвага БЕЛТА) і падтрымлівае мэты і задачы, што стаяць перад арганізацыяй, адпавядае патрабаванням, вызначаным у тым ліку міжнародным заканадаўствам. Вядома, мы спадзяёмся на пашырэнне нашых радоў з прыняццем дакументаў, якія дадуць магчымасць мець арганізацыі партнёраў і наглядальнікаў пры АДКБ".

Валерый Семерыкоў нагадаў, што рашэнне аб стварэнні інстытутаў партнёрства і наглядальнікаў у АДКБ было прынята кіраўнікамі дзяржаў арганізацыі на сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ у лістападзе 2018 года. Цяпер у краінах АДКБ ідуць адпаведныя працэдуры па ратыфікацыі дакумента.

Валерый Семерыкоў таксама растлумачыў, што партнёр АДКБ - гэта дзяржава або міжнародная арганізацыя, якія падзяляюць мэты і прынцыпы АДКБ, хочуць устанавіць і развіваць з арганізацыяй адносіны ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў галінах, што ўяўляюць узаемную цікавасць з прыняццем абавязацельстваў па ўдзеле ў практычных мерапрыемствах АДКБ. У сваю чаргу наглядальнік пры АДКБ - гэта дзяржава або міжнародная арганізацыя, зацікаўленыя ў вывучэнні адкрытай нарматыўна-прававой базы, вопыту і практыкі дзейнасці АДКБ без прыняцця абавязацельстваў па ўдзеле ў практычных мерапрыемствах арганізацыі.

Валерый Семерыкоў таксама дадаў, што ёсць пэўны пералік патрабаванняў да партнёраў і наглядальнікаў. У прыватнасці, усе кандыдаты павінны быць членамі ААН, не павінны мець канфліктаў на сваёй тэрыторыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі